сьмеў. Яму каб толькі глядзець на яе, каб многа глядзець, лашчыць, галубіць поглядам толькі, дык нашто лепшае шчасьце!..
Яроцкі ўраз разарваў сваім гучным размашыстым голасам пялёнку мяккай прытульнасьці, што спакойна грэлася ў цёплым пакоі.
— Добры вечар!.. Будзьце знаёмы — мой барадаты, прыяцель. Ганна Кандратаўна! Мы з вамі столькі ня бачыліся! Як вашы зубы? А, галапуп! Скач сюды, падшывалец.
Матка ўсьміхалася, Лідачка рагатала, а малы пішчэў ад давольнасьці.
Шчупак маўчаў.
Праз хвілін пяць Яроцкі падняўся.
— Ну, Лідачка, паедзем катацца.
У Лідачкі загарэліся вочы, але нясьмела зірнула на матку. Тая падатна ўсьміхнулася.
— Толькі вяртайся хутчэй.
А Шчупаку зусім не па сэрцу. Як гэта на мароз, куды — нямаведама… Чаму б не пасядзець тут, у хаце… Пагаварылі-б, у карты згулялі. О, ён бы зараз тож разышоўся… Ён-бы паказаў, як часамі ўмее ён жартаваць, анэкдоты расказваць, асабліва гуляючы ў карты.
І яна-б тут… Глядзець на яе, любавацца.
Эх, гэты Яроцкі!..
Абрусамі яскравымі сьцелецца белая вуліца. Гоман, тлум, бліскавіцы гульлівага сьме-