ця… Мне трэба здаволіць свае патрэбы, мне трэба есьці, піць, браць прыгожых дзяўчат. Людзі чамусьці зрабілі так, што ўсё гэта прадаецца за грошы. Значыць — мне трэба грошы. Зразумела табе?.. Цяпер слухай, што я задумаў.
Ён паклаў руку на плячо Шчупаку, нахіліўся і пачаў гаварыць роўным і цьвёрдым голасам, спакойна ўзіраючыся ў Шчупаковы круглыя вочы. Шчупак слухаў напружна, зацяўшы дыханьне.
Лічбы, лічбы. Грошы, шмат грошай. Столькі, што стане на дваццаць гадоў. Нашто тады гэтая служба, мадзеньне? Тады — кватэру лепшую, вопратку… хутру абавязкова, такую, як выстаўлена там, у вакне магазыну. І бялізну таксама… Пархумы… А можа… а можа… сорак гадоў… дык што там? Можна знайсьці… такую… ня зусім прыгожую, не… ня трэба… каб простая, ласкавая, каб з ёй зьвіць гнязьдзечка, каб прытуліцца адно к аднаму…
Які спрытны, які разумны гэты Яроцкі! Мабыць, сама доля паслала яго, каб падняць на ногі старога Шчупака. А колькі ў ім сілы! На яго сьмела можна пакласьціся, ён пераможа ўвесь сьвет, калі толькі захоча.
Вунь ён які. Вочы якія сталёвыя, цьвёрдыя, бровы насуплены, твар — камень. Гаво-