Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/38

Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

Суне Шчупаку ў рукі пяро. Падсувае паперку.

— Не, пачакай, прачытаць трэба. А, так… Слухай, Яроцкі, я не магу падпісаць. Гэта значыць, што я адзін за ўсё буду адказваць.

— Ты, як старшыня, павінен падпісаць гэтую умову. Ня я-ж буду падпісваць.

— Не магу я, Яроцкі. Гэта-ж відочны падлог, гэта жульніцтва… Дай мне падумаць хаця…

— Ты баішся?

Баюся, Яроцкі! Ня буду хавацца, баюся, так…

У Яроцкага ў вачох востры агонь. Вусны сьціснуў, яны ледзь прыметна дрыжаць. А потым — дабрадушна сьмяецца, па плячы Шчупака лэпае.

— Ты сьмешны, Шчупак. Няўжо ты ня пэўны ўва мне? Няўжо ты мне ня можаш паверыць? Ха-ха… Дзівак! Калі што, дык я тож ня выкручуся… На, падпішы, усё-роўна

Шчупак падпісаў. Ён ня мог не падпісаць, — Яроцкі добра знаў гэта. Момант развагi? Гэта што-ж, можна. У яго-ж сумленьне, ха-ха… Падлог, жульніцтва…

Шчупак адышоўся, зноў сеў на ложак. Ці гэта здалося яму, ці сапраўды ўсьлед засьмяяўся Яроцкі жудасным сьмехам-сіпеньнем?