Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/39

Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

Не, гэта так, шуміць галава. Вунь ён сядзіць — нярухомы, сур‘ёзны, думае нешта. Гэта здалося.

О, Шчупак верыць Яроцкаму!

IX

Дзьве дзяўчыны-прыяцелькі, лежачы разам у ложку, сагрэўшыся шчыльнаю блізкасьцю цел і гарачым хваляваньнем расчуленых сэрц, могуць правесьці ў палкай, абрыўчатай гутарцы цэлую ноч. Так. І гэтая ноч потым здаецца нейкім трызьненьнем, чмутой, яе не ўспамінаюць. Бо дзянное сьвятло, цьвярозае, як старая бабулька, ня родзіць ужо тае п‘янае шчырасьці, таго бяспрычыннага жаркага ўздыму. Уначы, толькі ўначы плачуць дзяўчаты, абнімаючы адна адну, цалуючы мокрымі вуснамі, і ўначы толькі сьмяюцца поўным нутром, схаваўшы твар у падушку.

Так праводзіла ноч адну Лідачка з сваёй прыяцелькай Нінай.

Ніна: статная, зграбная дзяўчына, твар даўгаваты, занадта чырвоны, вочы вадзяна-блакітныя, нос даўгаваты. Я-б сказаў — няпрыгожая. Прыгожая ў Ніны каса — даўгая, таўстая, мякка-русая. Касу Ніна заўсёды спускае і, калі гутарыць з кім, перакідае наперад.

Лідачка асталася начаваць у Ніны. Як ляглі, сперш патузаліся (каб сагрэцца), потым