— Ці ён з табою ажэніцца?
— Ня ведаю. Ды мне ўсё роўна. Цяпер не глядзяць на гэта. Гэта раней, дык каб абавязкова выскачыць замуж. А цяпер — інакш. Ты яшчэ ня ведаеш, я табе зараз скажу. Цяпер галоўнае, гэта — пажыць. Так пажыць, каб было чым успомніць. Ніначка, ну што за карысьць, калі я выйду замуж? Што тут прыгожага? А так — весела, радасна, добра. Жывеш і не прымячаеш, як цягнецца час. А каханьне… гэта ж такое шчасьце, такая ўцеха, каб ты ведала толькі. Ну, калі іншая няпрыгожая, брыдкая, дык хто на яе і паглядзіць. Такая ўжо доля яе нешчасьлівая. Яна й век пражыве, а не пазнае, што значыць — кахаць… Ніначка, дзетачка, што ты? Ты плачаш? Чаго? Кінь, сапраўды… Ты таксама можаш знайсьці, хто цябе пакахае, далібог. Думаеш, ты зусім няпрыгожая? Што ты! i ня гэткіх кахаюць. Ну, кінь, дзетка, ня плач, а то й я зараз зарумзаю… Знаеш што, Ніначка? Я цябе пазнаёмлю з таварышом Яроцкага. Праўда, ён паджылы, але нішто яшчэ… Ты яму загадай, каб ён згаліў бараду, дык зусім будзе прыгожы. Мы тады разам будзем гуляць, будзем катацца, куціць, у тэатры хадзіць. Ну кінь, Ніначка, ня плач… Як табе ня сорамна… Кінь, а то і я… зараз… таксама… зап… ла… чу…