Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

Уначы, толькі ўначы плачуць звычайна дзяўчаты-прыяцелькі, абнімаючы адна адну, цалуючы мокрымі вуснамі.

X

Назаўтра ўвечары Шчупак сядзеў у Лідачкі. Адчуваў сябе так, як аматар-актор, што першы раз вышаў на сцэну. Дзіва! Ці думаў ён калі, што ім зацікавіцца маладая дзяўчына! Самая сапраўдная прыгожая дзяўчына!

Яна прыгожая. Вядома, не такая, як Лідачка, бо такіх і наогул няма больш нідзе. Але і ў яе вочы блакітныя, чыстыя, і ў яе вусны, як журавіны. А косы, дык лепш, як у Лідачкі.

Шчупак не глядзіць на яе, неяк страшна. Толькі так спадкрадня, няўпрыметку, каб і яна і ніхто не заўважыў. І гаварыць з ёй ня важыцца. З Лідачкай, дык, з гэтай нішто — складна, прыемна выходзіць. А з ёй? Аб чым з ёй трэба?

Яроцкі шкеліць, пад‘юджвае:

— Шчупак! Ты, як ішоў з канторы, не праглынуў тую лінейку, што вісела на сьцяне ля акна?

Шчупак наіўна:

— He.

— Дзіўна. Чаго-ж ты сядзіш так проста, як кол?