Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/44

Гэта старонка не была вычытаная

Усе рагочуць. Шчупак сарамліва гарбаціцца.

— Чорт гэты Яроцкі. Што ён выгадвае?

А Яроцкі зноў:

— Шчупак! Да цябе ня прыходзіў сёньня адзін трубачыст?

— Трубачыст? А што яму трэба?

— Ды ён пытаўся, ці не прадасі ты сваю бараду, памяло яму трэба зрабіць.

Зноў рогат. Шчупак чырванее. Рука міжвольна цягнецца к барадзе. Рогат мацнейшы. Шчупак ня ведае, што рабіць, і лае ў думках Яроцкага.

Горш за ўсё, калі ў вушшу прасакочыць рассыпчаста звонкі сьмех Ніны. Тады не сядзіцца на месцы, хочацца нешта зрабіць, паказаць, што не такі ён зусім, як яны думаюць, што й ён умее сказаць, жарт спрытны выкінуць.

Перад тым, як разыходзіцца, усе вышлі на вуліцу. На дварэ цёпла, адліга. Яроцкі папрабаваў, ці добра комчыцца сьнег і шыбнуў у Лідачку. Тая назад. Пачалі ў сьнежкі гуляць, абудзілі жывой сумятнёй цішу соннае вуліцы.

Шчупак гуляў вельмі нязграбна, і таму напасьледак усе на яго аднаго наваліліся, засыпалі сьнегам чыста-ўсяго. Ён і не адбіваўся. Хай, усё роўна. Прапала ўсё. Калі й была