ў Ніны якая цікавасьць, дык ужо й сьледу не асталося. Хутчэй-бы толькі да хаты.
Пачалі разьвітвацца. Ніна папрасіла праводзіць яе і Шчупаку выпала йсьці.
Доўга маўчалі, Шчупак як ні тужыўся, нічога прыдумаць ня мог, каб сказаць, каб пачаць гутарку. Урэшце ён успомніў, што перш-на-перш трэба пад пашку ўзяць — пачынаюць звычайна з гэтага. Ён набраў для храбрасьці поўныя грудзі паветра і сказаў, надзвычайна ласкавым тонам:
— Можна вас?..
Яна нібы ў задзіўленьні на момант к яму абярнулася.
— Калі ласка.
Ён узяў яе за руку так асьцярожна і квола, як звычайна бяруць гадзіньнік, каб паглядзець на расчынены мэханізм.
— Як вам падабаецца сёньня пагода?
— Нішто, добрая. Цёплая, можна хаця прайсьці, пагуляць. А то цалюткі дзень сядзіш, працуеш…
— Вы многа працуеце?
— Я вучуся і, апрача таго, бяру розную работу, каб зарабіць што на пражытак. Але я люблю працаваць, мне няцяжка.
— А я дык зусім ня люблю. Мне дужа надакучыла працаваць .. Я, можа, і зусім кіну…
— Як гэта? А жыць вы з чаго будзеце?