Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/46

Гэта старонка не была вычытаная

Шчупаку дужа хочацца ўсё расказаць, усе свае патаемныя думкі-мары, што разрасьліся пышнай руньню з насеньня, кінутага шчасьлівай рукой Яроцкага. Гэтай дзяўчыне ён усё-б расказаў, бо зусім яна простая і ласкавая. Але не, няможна. Хто яе ведае. Лепш пра яе распытаць.

— Скажэце, Ніна, вы адна жывяцё ці ў сям‘і?

— Адна. Сям‘я мая на вёсцы, я ўжо год нікога ня бачыла. Ёсьць тут знаёмыя, я да іх адразу прыехала. Потым паступіла вучыцца, стала шукаць работы.

Яна разгаварылася і жвава, з дзявоцкай пасьпешнасьцю і бяссыстэмнасьцю расказала яму ўсё жыцьцё сваё. Потым ён пачаў расказваць. Нічога не хаваў, гаварыў аб усім, што было ў яго несамавітым жыцьці. Дый як не сказаць аб усім, калі яна так уважліва слухае, так спагадае яму? Ці быў хоць раз у жыцьці ў яго гэткі выпадак, каб староньні, чужы чалавек так чула, так мякка прыслухаўся да яго шчырых прызнаньняў?

Ён і сам урэшце расчуліўся, самому стала шкода сябе.

Ну, што ў яго было сьветлага, добрага? Хто хоць раз сагрэў яго адзінотнае сэрца? Шэрасьць, мадзеньне, вечны смутак, нудота.