Балюча расчулены сваімі расказамі, сваімі глыбока журботнымі думкамі, сьціх Шчупак. І была ў сэрцы растопленым боль шчымлівая і шчымлівая радасьць. Соладка і добра было.
У сінява-чорнай начы рассыпаўся сьвінцом шопат кропляў, што густа сьцякалі са стрэх. Было ў гэтым шопаце нешта чужое, настойнае, як у сьлюнява злосным маленьні старца-калекі. І мокрая няпрытульнасьць гэтага шопату прыціскала, Шчупака да Ніны, напінала салодка-цёплыя струны блізкасьці.
Што думала Ніна? Што адчувала? — Хто яе ведае! Можа ў зморку мігцела ёй плямай балючай барада Шчупака? Мо‘ ўспаміналіся шчырыя словы расчуленай Лідачкі — „ты яму загадай, каб згаліў бараду — зусім будзе прыгожы“?
Маўчала. Ішла. Але, падыходзячы к дому, замарудзіла крокі, ласкавей прыціснула Шчупакову руку. На разьвітаньне сказала працяжліва, глуха:
— Заходзьце ка мне калі-небудзь…
І каб падкрэсьліць значнасьць гэтых слоў, ураз павярнулася й зьнікла.
У паўночнай сьлюнявай шэрасьці Шчупак рэзка адчуў сваё адзіноцтва.
Быццам ураз вакол яго вырасла халодным правалам чорная пустач.