Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/50

Гэта старонка не была вычытаная

ды яму! Ён такі сур‘ёзны, сталы, ён і гаварыць ня ўмее зусім пра каханьне. Ён ня любіць, калі яму дакучаюць, заняты заўсёды, гаворыць толькі аб сур‘ёзным.

А Лідачка дык раней любіла дражніць яго. Яна часта хадзіла ў яго каморку і перашкаджала яму працаваць. Ён тады выганяў яе. Аднаго разу ён проста й сур‘ёзна, бяз ніякае ўсьмешкі, узяў яе на рукі, вынес з пакою i прынёс да маткі.

— Наце вашу дачку і ня пускайце яе ў мой пакой, бо яна мне перашкаджае.

І пашоў моўчкі назад. Сьмешны! Доўганосы!..

Цяпер — дык Лідачка ніколі ня ходзіць да яго. Неяк страшна, дзіка. Каб ён цяпер выгнаў яе… можа-б, яна і заплакала нават…

Роілам скомчылася на каленях швіва. Рукі млява акунуліся ў хвалі матэрыі. У вачох — задуменнасьць празрыстая. Казытае сэрца лёгкі павеў успамінаў нядаўных, сее пялёсткі мяккай пяшчоты.

Ні то сум, ні то радасьць.

Віктар, Віктар…

— Лідачка!

Гэта глухі, здушаны сьцяной голас Горскага.

— Што?

— Зайдзецеся да мяне на хвілінку, пагутарым.