каснае зьмяншэньне гравюр — за кошт павялічэньня іх асноўных памераў і падвышэньня як іх структурнае значнасьці, так і тэхнічнае дасканаласьці.
Агульны лік гравюр у выданьнях Скарыны (з паўтарэньнямі) апроч загалоўных аркушоў, дэкорацыйных заставак і вялікіх фігурных літар, згодна нашага падрахунку па паасобніках Расійскай Публічнай Бібліотэкі, — раўняецца сарака пяці. З гэтага ліку 3 гравюры знаходзяцца ў праскім „Псалтыру“ 1517 г., 39 — у „Бібліі“ 1517—1519 г. і 3 — у віленскай „Малой Падарожнай кніжыцы“; віленскі „Апостал“ 1525 году зусім ня мае гравюр, але толькі дэкорацыйныя застаўкі. Па зьмесьце сваім, у хронолёгічным парадку, яны разьмяркоўваюцца наступным чынам:
У „Псалтыру“ 1517 г. — два паасобныя сюжэты: 1) „Генэалёгічнае дрэва Ісуса“ — як відаць, беспасрэдна за страчаным загалоўным аркушам; гравюры гэтай няма ў так званым „Хлудаўскім“ экзэмпляры скарынава „Псалтыру“, што знаходзіцца ў Маскве, і загэтым яна засталася невядомай А. Віктараву і непамянёнай у яго апісаньні[1]. 2) „Цар Давыд“ — паўторана два разы; адзін раз — на адвароце папярэдняе гравюры, другі — перад самым пачаткам псальмоў; адзначана і апісана Віктаравым.
У 22 кнігах бібліі знаходзяцца наступныя гравюры: 1-2) „Іоў і д‘ябал“ — кніга „Іова“ 1517 г.; паўторана два разы; 3-4) „Суд Саламона“ — кніга „Прыповесьці Саламона“ 1517 г. — два разы; 5) „Дыспут“ — кніга „Ісуса сына Сірахава“ 1517 г.; 6) „Портрэт Скарыны“ — 1-ы варыянт — з тэй-жа кнігі 1517 г.; 7) „Саламон і царыца Саўская“ — кніга „Эклезіаст“ 1518 г.; 8) „Хрыстос і нявеста“ — кніга „Песьня песень“ 1518 г.; 9) „Хрыстос і Саламон“ (Уладзімеравым адзначана як „Хрыстос і Скарына“) — кніга „Прамудрасьць Саламона“ 1518 г.; 10)„Памазаньне Давыда“ — 1 кніга „Царстваў“ 1518 г.; 11) „Давыд перад каўчэгам“ — 2 кніга „Царстваў“ 1518 г.; 12) „Пабудова ерусалімскага храму“ — 3 кніга „Царстваў“ 1518 г.; 13-18) шэсьць ілюстрацыйных рысункаў паасобных частак храму і храмовых прылад — у тэй-жа кнізе — 1518 г.; 19) „Аблога Ерусаліма Навухаданосарам“ — 4 кніга „Царстваў“ — 1518 г.; 20) „Пераход праз Іордан“ — кніга „Ісуса Навіна“ — 1518 г. 21) „Юдыта і Олёфэрн“ — кніга „Юдыта“ — 1519 г.; 22) „Тройца“ — кніга „Бытія“ — 1519 г.; 23) „Портрэт Скарыны“ — 2-і варыянт — кніга „Бытія“ 1519 г.; 24) „Шэсьць дзён сьветабудовы“ — кніга „Бытія“ 1519 г.; 25) „Бог у рai“ — кніга „Бытія“ 1519 г.; 26) „Дачка фараона і Майсей“ — кніга „Ісход“ 1519 г.; 27-31) пяць ілюстрацыйных рысункаў скініі і яе паасобных частак і прылад — кніга „Ісход“ 1519 г.; 32) „Ізраільскія палкі каля скініі“ — кніга „Чисел“ 1519 г.; 33) „Майсей перад народам“ — кніга „Другога закону“ 1519 г.; 34) „Руфь у полі“ — кніга „Руфь“ 1519 г.; 35) „Самсон і леў“ — кніга „Судзей“ 1519 г.; 36-37) „Эстэр перад Артаксерксам“ — кніга „Эстэр“ 1519 г. — паўторана два разы; 38) „Плач Ераміі“ — кніга „Ераміі“ 1519 г.; 39) „Данііл са львамі“ — кніга „Данііла“ 1519 г. — 3 гэтага агульнага ліку — трыццаці дзевяці гравюр — адна, а ўласна другі портрэт Скарыны ў „Бытіі“, зьяўляецца варыянтам, а тры („Іоў“, „Суд Саламона“ і „Эстэр“) паўтораны па два разы з тых-жа самых дошчак, так што агульную колькасьць паасобных сюжэтаў можна лічыць у 35; адкінуўшы адсюль 11 тлумачальна-ілюстрацыйных рысункаў з „Ісходу“ і 3 кнігі „Царстваў“, — мы атрымоўваем 24 аркушы, якія маюць мастацкую вартасьць.
- ↑ А. Е. Викторов. Замечательное открытие в древне-русском книжном мире. „Беседы в обществе любителей Российской Словесности при Имп. Московск. Университете“. Вып. І. М. 1867. Стар. 6.