Старонка:Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны (1926).pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

Тут да рэчы будзе адзначыць некаторыя памылкі і недакладнасьці, якія сустракаюцца ў сьпісах гравюр скарынавай „Бібліі“, складзеных Уладзімеравым[1] і Каратаевым[2]. Сьпісы гэтыя не супадаюць паміж сабой; папершае, нават агульная колькасьць гравюр вылічана ў іх па-рознаму: у той час як Каратаеў налічвае 46 гравюр, Уладзімераў адзначае толькі 40; розьніца гэтая тлумачыцца тым, што Каратаеў памылкова лічыць „Шэсьць дзён сьветабудовы“ за шэсьць паасобных гравюр, тады як Уладзімераў правільна апісвае гэты аркуш, як адну гравюру. Падругое — сьпісы разыходзяцца паміж сабой у дэталях: так, у „кнігах Царстваў“ Каратаеў налічвае 11 гравюр, у той час як Уладзімераў правільна адзначае 10; з другога боку, у кнізе „Эстэр“ — Каратаеў правільна паказвае 2 гравюры, тады, як у Ўладзімерава лічыцца толькі 1; у кнізе-ж „Ісуса сына Сірахава“ Ўладзімераў памылкова паказвае застаўку на аркушы 5-м, якой фактычна няма, а таксама няма і ў апісаньні Каратаева.

Згодна нашага падрахунку, у сьпісы Каратаева і Уладзімерава належыць унесьці наступныя папраўкі: 1) Портрэт Скарыны існуе ў двох варыянтах; першы знаходзіцца ў кнізе „Ісуса сына Сірахава“, у канцы, другі — зьмешчаны ў кнізе „Бытія“, усьлед за загалоўным аркушам; апошні варыянт у вабодвых сьпісах чамусьці зусім не зазначаны. 2) Перад пачаткам тэксту „Бытія“, у якасьці застаўкі, зьмешчана сюжэтная гравюра — „бог у раі“, якой у вабодвых сьпісах няма. 3) „Шэсьць дзён сьветабудовы“ трэба лічыць за 1 гравюру, як гэта робіць Уладзімераў. 4) У кнігах „Царстваў“ агулам 10 гравюр, а не 11, як гэта адзначана Каратаевым. 5) Гравюра „Эстэр перад Артаксерксам“ паўтараецца два разы, так што ў кнізе „Эстэр“ трэба лічыць 2 гравюры (у Каратаева — правільна), а не 1, як у Ўладзімерава. 6) У кнізе „Ісуса сына Сірахава“ — 2 гравюры, а ня 3, як гэта лічыць Уладзімераў. Апроч таго, трэба адзначыць, што ў кнізе „Левіт“ як Уладзімераў, так і Каратаеў паказваюць па 3 гравюры, прычым Уладзімераў адзначае іх больш падрабязна: адна сюжэтная гравюра „Майсей гаворыць з богам“ і дзьве ілюстрацыі, паўтораныя з „Ісходу“. У паасобніку Расійскай Публічнай Бібліотэкі, якім мы карысталіся, мы знайшлі ў кнізе „Левіт“ толькі адну ілюстрацыйную гравюру, паўтораную з „Ісходу“; але паасобнік гэты, як відаць, дэфектны, так што ў гэтым выпадку мы ня мелі магчымасьці фактычна праверыць паказаньні вышэйпамянёных аўтараў.

Таксама і ў адносінах да гравюр „Малое Падарожнае кніжыцы“ сьпісы Ўладзімерава і Каратаева не ўзгадняюцца паміж сабой, і не адпавядаюць паасобніку Расійскай Публічнай Бібліотэкі. У гэтым паасобніку, які, здаецца, поўны, — мы налічылі толькі тры гравюры, а ўласна: 1) „Багародзіца з сьвятымі“ ў рамцы загалоўнага аркушу „Акафістаў“; 2) „Добравешчаньне“ — пры акафісьце багародзіцы і 3) „Багародзіца з младзенцам і анёламі“ — пры акафісьце „імені Ісусаву“. Уладзімераў налічвае ў „Малой Падарожнай кніжыцы“ 5 гравюр, прычым загалоўны аркуш „Акафістаў“, дзе зьмешчана „багародзіца з сьвятымі“ ён адносіць чамусьці толькі да аднаго акафісту „труне гасподняй“. Каратаеў-жа адзначае ў „Кніжыцы“ толькі 4 гравюры, ня лічачы паасобнай гравюрай якраз гэтую-ж „багародзіцу“ на загалоўным аркушы „Акафістаў“. Апроч таго, абодва аўтары адзначаюць дзьве гравюры,

  1. Доктор Франциск Скорина, стар. 80-81.
  2. И. Каратаев. „Описание славяно-русских книг, напечатанных кирилловскими буквами. Т. I. Сборник Отделения Рус. языка и Словесности Имп. Академии Наук.“ XXXIV. № 2. СПБ. 1883.