Старонка:Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны (1926).pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

якіх няма ў паасобніку Публічнай Бібліотэкі, а ўласна: 1) „Вадохрышча“ пры каноне Яну храсьціцелю і 2) „Ісус у храме“ пры каноне Ісусу. Гэтыя дзьве гравюры, як відаць, засталіся таксама невядомы і Стасаву, які падобна да нас у сваім разглядзе працы Равінскага ўспамінае толькі тыя тры іншыя гравюры, якія адзначаны намі вышэй[1].

Такім чынам, агульная колькасьць сюжэтаў, што падлягаюць нашаму разгляду, раўняецца дваццаці дзевяці, ня лічачы адзінаццаці ілюстрацыйных рысункаў, якія з іншымі гравюрамі мала чым зьвязаны і займаюць некалькі асобнае месца. Усе гэтыя гравюры далёка не аднальковы як у сваім характары, гэтак і па тэхнічных і стылістычных адзнаках. Так яшчэ Стасаў заўважыў, што ў выданьнях Скарыны гравюры зроблены некалькі майстрамі, прычым некаторыя з ліку гэтых майстроў могуць быць прызнаны мастакамі славянскага пахаджэньня[2]; Стасаў адзначае, што ў шмат якіх гравюрах адчуваецца славянскі тып твараў і вопратак, і лічыць, што ў гэтым належыць, быць можа, шукаць чэскіх уплываў[3]; у другім месцы ён дапушчае, што ў апрацоўцы скарынавых выданьняў прымалі ўдзел адзін нямецкі гравёр і некалькі славянскіх[4].

І запраўды, нават з першага пагляду ясна відаць даволі значную розьніцу паміж паасобных гравюр, якія знаходзяцца ў выданьнях Скарыны, што прымушае аднесьці іх да вытвораў некалькіх розных майстроў. Пры больш падрабязным разглядзе выяўляюцца чатыры паасобныя групы гравюр, кожная з якіх характарызуецца сваімі ўласнымі адзнакамі і асаблівасьцямі.


Першая група — па колькасьці гравюр невялікая. Да яе, дзіўным чынам, прыходзіцца аднесьці дзьве самыя першыя і дзьве з ліку апошніх, зьмешчаных у выданьнях Скарыны гравюр, якія збліжаюцца (хоць і ня тоесамыя) паміж сабой часткова ў стылістычных, і часткова ў іконаграфічных адносінах. З тэхнічнага боку, таксама як і да гравюр чацьвертае (апошняе) групы, да іх найбольш дапасоўваецца ўвага Стасава, што ва ўсіх выпадках самая гравюра па сваім выкананьні значна ніжэй за рысунак і композыцыю[5]. Пры выразным і добра задуманым рысунку, тэхніка гэтых гравюр трохі грубая, паасобныя лініі часамі занадта тоўстыя, штрыхоўка мала дакладная. Да гэтае групы мы адносім наступныя гравюры:

1) Генэалёгічнае дрэва Ісуса з праскага „Псалтыру“ 1517 году. Беспасрэдна за загалоўным аркушам. Захавалася толькі ў паасобніку Расійскай Публічнай Бібліотэкі; у маскоўскім, так званым „хлудаўскім“ паасобніку скарынава „Псалтыру“ яе няма, дзеля чаго, як мы адзначалі, гравюра гэтая засталася невядомай Віктараву, а таксама не паказана Ўладзімеравым і Каратаевым. Шырыня гравюры 109,5 mm. Вышыню адзначыць з дакладнасьцю немагчыма, бо аркуш моцна папсуты, і верхняй часткі яго зусім няма; прыблізна каля 130 mm. Hа доле пад гравюрай надпіс: „сій естъ корень несеовъ снегоже изыде царь давыдъ Исаломонъ Ииные цари израілевы, Игосподь нашъ Іс Хс“; ніжэй знаходзіцца досыць частая ў выданьнях Скарыны адначасная прыпіска: „а то ся стало накладомъ богдана онкова сына

  1. Стасов. Разбор.., стар. 31-32.
  2. Ibidem, стар. 30.
  3. Ibidem, стар. 31.
  4. Ibidem, стар. 32.
  5. Ibidem. Гэтую ўвагу Стасаў няправільна пашырае на ўсе гравюры выданьняў Скарыны ў цэлым.