радци мѣста виле(нскаго)“. На самай гравюры мы бачым ляжачую фігуру Есея, з грудзей якога вырастае стылізаванае дрэва, загінаючыся направа і налева ў выглядзе двох сымэтрычных падвойных віткоў з кветкавымі падвяночкамі па канцох. У падвяночках знаходзяцца паасобныя паясныя фігуры, сярод якіх можна пазнаць Давыда (у першым шэрагу направа) і Саламона (там-жа налева). На асяродкавым ствале згары, таксама ў падвяночку, зьмешчана багародзіца з младзенцам. — У композыцыйных адносінах па агульным сваім характары гравюра гэтая трохі набліжаецца да генэалёгічных дрэў у „Нюрэнбэрскай Хроніцы“ Шэдэля 1493 г.[1], якія пабудаваны з такіх-жа самых палавінных фігур у кветкавых падвяночках на доўгіх сьцяблох; але скомпанавана яна надзвычайна сымэтрычна, чаго зусім няма ў табліцах Шэдэля, і ні ў дэталях ні ў іх разьмеркаваньні ня мае нічога супольнага са зьмешчаным у Шэдэля радаслоўем Ісуса[2]. Другая, таксама няпоўная аналёгія можа быць паказана ў чэскай „Бібліі“ 1506 году, дзе ёсьць падобная па замысьле, але значна больш складаная гравюра з поўным радаслоўем па эвангельлі Мацея[3]. Гэтая апошняя, аднак, значна адрозьніваецца ад скарынавай гравюры як тэхнікай выкананьня, гэтак рысункам дрэва (бяз віткоў), і тыпамі паасобных фігур.
2) Цар Давыд з „Псалтыру“ 1517 г. Памер: 45x60 mm. Паўтораны два разы: на адвароце папярэдняе гравюры і супроць першых 8 радкоў 1-га псальма на стар. 5, у тым месцы, дзе звычайна зьмяшчаецца загалоўная літара. Уся гравюра, бяз лішніх дэталей, монумэнтальна запоўнена масыўнай фігурай Давыда ў царскай адзежы, з каронай на галаве; рукі яго падняты ўгару, у бок воблака, з якога зьяўляецца бог саваоф; каля ног яго ляжыць музычны інструмэнт, накшталт ліры. Тэхніка выкананьня некалькі грубая, але выразная і энергічная; уся фігура мае шмат экспрэсіі. Іконаграфічна яна часткова зьвязана з вобразам Давыда на папярэдняй гравюры, — асабліва ў формах музычнага інструмэнту і кароны з крыжападобнымі зубцамі. (Гравюра гэтая адзначана і апісана Віктаравым[4], які, аднак, памылкова паказвае, быццам яна зьмешчана супроць першых дзевяці радкоў першага псальма, і замяняе сабой вялікую літару, тады як фактычна яна толькі займае звычайнае яе месца, і нават зьмешчана побач з запраўднай вялікай літарай, якой пачынаецца загаловак псальмоў).
3) Багародзіца з сьвятымі ў рамцы загалоўнага аркушу „Акафістаў“ у віленскай „Малой Падарожнай кніжыцы“. Рамка надрукавана з 4 паасобных дошчачак. Памеры дошчачак: левай 21x101 mm.; правай — 9x101 mm.; горняй — 31x8 mm.; дольняй — 32x6 mm. Унутры рамкі надпіс: почінаютсіа | акафісты на | всю неделю | первы живо | носному гро | бу господню | вънеделю:“. Пад надпісам фрагмэнт лінейнага орнамэнту. Верхняя і ніжняя дошчачкі запоўнены рысункам чыста орнамэнтальнага характару, які прадстаўляецца некалькі нязвычайным для орнамэнтыкі скарынавых выданьняў і набліжаецца да некаторых узораў беларускага народнага орнамэнту. Ён складаецца з няпоўных зігзагаў, паміж якіх зьмешчана нешта накшталт палавінных кветак, стылізаваных у форме трыкутнікаў. Направа ўся вузенькая палоска запоўнена расьлінным орнамэнтам з лісьцямі і кветкамі; на гары знаходзіцца птушка з разьвінутымі крыламі — хутчэй певень, чымся арол, як гэта дапушчае Уладзімераў, чамусьці лічачы, што фігура гэтая можа