3. Пераход праз Іордан з кнігі „Ісуса Навіна“ 1518 г. Памер: шыр. прыбл. 100 mm. (дакладна невядома, бо левая частка аркуша ў паасобніку, якім мы карысталіся, запсавана); выш. 106 mm. Надпіс: „Исус Навин ведеть людеи Ізраилевых чере Іордан“. — Ісус Навін на чале доўгае чарады людзей, большасьць з ліку якіх, за выключэньнем некалькіх пярэдніх фігур, прадстаўлены на гравюры толькі часткова. Ён апрануты ў багата орнамэнтаваныя ў готычным гусьце латы, на правай руцэ яго — шчыт, у левай дзіда. Па бакох яго зьмешчаны дзьве мужчынскія фігуры, якія цікавы сваімі зачоскамі і вопраткамі, — асабліва правая з яе кароткім жупанам, яшчэ больш кароткім плашчом і нязвычайным галаўным уборам. Цікавы таксама жаночыя галовы на заднім пляне ў галаўных уборах, якія крыху нагадваюць вядомыя „намёткі“. Тыпы твараў ва ўсіх фігурах, апроч можа толькі аднэй, — як і на шмат якіх іншых гравюрах гэтае групы, — выразна славянскія, што яшчэ раз, магчыма, пацьвярджае выказанае намі пры разглядзе портрэта Скарыны дапушчэньне аб чэскім пахаджэньні гэтае групы. Композыцыя гравюры вытрымана па дыягоналі ад правага горняга да левага дольняга кута. Па баках чарады вандроўцаў разьдзеленае мора вызначана стылізаванымі хвалямі. У левым горнім куце знаходзіцца шчыт са звычайным „гэрбам“ Скарыны. Тэхніка, як і ў іншых гравюрах гэтае групы — упэўненая, чытальная, з выразнымі штрыхамі і плястычнай апрацоўкай фігур. (Гравюра адзначана Равінскім, як адна з лепшых у выданьнях Скарыны. „Русские граверы“, стар. 5).
4. Шэсьць дзён сьветабудовы з кнігі „Бытія“ 1519 г. Шэсьць паасобных гравюр у ваднэй рамцы памерам 107x160 mm.; кожная гравюрка паасобна мае памер 45x46,5 mm.; рамка і ўнутраныя ў ёй пераплёты паміж гравюркамі маюць шырыню па 5—6 mm. Надпісаў няма. Па зьмесьце сваім паасобныя гравюркі зьяўляюцца ілюстрацыямі да біблійнага апавяданьня аб стварэньні сьвету: а) Першы дзень у воблаках бог айцец і два херувімы; б) Аддзяленьне вады ад зямлі — ён-жа на фоне зямлі і неба, левая рука на грудзёх, правая апушчана ўніз; в) Стварэньне расьлін — ён-жа на беразе мора, рукі разьвінуты ўбакі; на беразе расьліны; г) Стварэньне нябесных сьвяціл — ён-жа сярод расьлін з паднятай правай рукой; у небе два роўналежныя шэрагі васьміканцовых зорак і паміж іх — сонца і месяц, злучаныя, як гэта звычайна ў „гэрбе“ Скарыны; д) Стварэньне рыб і птушак — тая-ж фігура на беразе, у вадзе рыбы, на дрэве птушкі; е) Стварэньне жывёл і чалавека — фігура бога айца зьвернута у профіль; на пярэднім пляне налева ляжыць пад дрэвам Адам, за ім відаць напалову закрытую постаць Эвы; каля Адама дзьве галовы жывёл.
Гэты зьмест як паасобных гравюрак, так і ўсяго аркушу цалкам не прадстаўляе сабой нічога орыгінальнага, бо аналёгічныя ілюстрацыі амаль што заўсёды сустракаюцца ў лацінскіх, нямецкіх і чэскіх бібліях канца XV — пачатку XVI сталецьця на першых старонках кнігі „Бытія“. Для прыкладу можна паказаць на вэнэцыйскую лацінскую „Біблію“ 1498 г. і ческую „Біблію“ 1506 г. Але зьмешчаная ў „Бібліі“ Скарыны гравюра зусім не зьяўляецца копіяй з гэтых апошніх, так што прыходзіцца рашуча адхіліць зацьверджаньне Ўладзімерава, які адзначае, быццам у скарынавай „Бібліі“ „перад самым пачаткам кнігі „Бытія“ зьмешчаны „шэсьць дзён сьветабудовы“ такія-ж самыя (курсіў наш. М. Ш.), як і ў вэнэцыйскім выданьні „Бібліі“ 1498 г., чэская-ж „Біблія“ 1506 г. паўтарае (курс. наш) гэтую гравюру ў большых памерах“[1]. На справе, паказаная Ўладзімеравым тоесамасьць скарынавае гравюры з адпавед-
- ↑ Доктор Франциск Скорина, стар. 80.