нымі аркушамі лацінскае „Бібліі“ 1498 г. і чэскае „Бібліі“ 1506 году — зусім не наглядаецца. Вядомая сувязь паміж гэтых гравюр — гэта сувязь чыста сюжэтная, але ні ў якім выпадку не композыцыйна-формальная і, нават, не іконаграфічная. Першая-ж з ліку вышэйпералічаных намі паасобных гравюрак — нават і ў сюжэтных адносінах некалькі адрозьніваецца ад аналёгічных вэнэцыйскіх гравюр: у лацінскай і чэскай бібліях зьместам гравюры зьяўляецца тут стварэньне зямлі і неба, тады як у гравюры Скарыны — бог айцец і два херувімы. У іншых гравюрках — сюжэты супадаюць, — але ў композыцыйных адносінах толькі другая некалькі набліжаецца да аналёгічнай гравюры ў чэскай „Бібліі“ 1506 г. Ва ўсіх іншых выпадках паміж тых і другіх гравюр зусім няма ніякага падабенства, ані композыцыйнага, ані стылістычнага: наадварот, наглядаецца вядомая розьніца. Так, напрыклад, у гравюрах Скарыны ўсюды на першы плян высоўваюцца чалавечыя фігуры, тады як у чэскай і лацінскай бібліях значная роля адведзена пэйзажу. У чацьвертай гравюрцы сонца і месяц злучаны разам, аналёгічна звычайнаму „гэрбу“ Скарыны, зоркі-ж разьмешчаны правільнымі роўналежнымі шэрагамі, — у той час, як у лацінскай „Бібліі“ зоркі раскіданы ў непарадку, у чэскай — яны запаўняюць увесь фон гравюры, сонца-ж і месяц знаходзяцца паасобна.
Таксама рэзка адрозьніваецца агульная трактоўка фігуры бога айца і тып яго твару. Фігура гэтая некалькі прысадзістая, і мае зусім іншыя пропорцыі; характар твару выразна славянскі; высокі німб з упісаным у яго крыжам — аналёгічны німбу Ісуса з „Песьні песень“ — магчыма запазычаны як іконаграфічная дэталь з „Хронікі“ Шэдэля, тады як у чэскай і лацінскай бібліях мы знаходзім звычайныя гладкія німбы. Цікава пры гэтым, што ўсюды, апроч толькі першае гравюры, німб гэты выходзіць за межы рамкі, асабліва падкрэсьліваючы композыцыйную значнасьць галоўнае фігуры.
Тэхніка выкананьня скарынавае гравюры значна адрозьніваецца ад лацінскай „Бібліі“, дзе фігуры гравіраваны надзвычайна тонка, аднымі контурамі, без поўтонаў, і больш набліжаецца да гравюрак чэскае „Бібліі“ 1506 году, хоць і тут можна заўважыць пэўную розьніцу: у гравюры Скарыны лініі крыху грубейшыя, хоць дзе-нідзе і больш энэргічныя; у ценявых частках паасобныя рысы зьліваюцца ў чорныя плямы, чаго ў чэскай „Бібліі“ няма; штрыхоўка ў большасьці складаецца з простых ліній, тады як у чэскай „Бібліі“ ўжываюцца і акруглыя штрыхі. Агулам кажучы чэскія гравюры зроблены больш дакладна, — але гравюры Скарыны больш монумэнтальна, і ў позах фігур — значна больш экспрэсіі і выразнасьці. Асабліва цікава, што ў іх утвораны нейкі азначаны і самаўласьцівы тып бога айца, — строга вытрыманы і зусім непадобны да лацінскага і чэскага адменьнікаў гэтага тыпу: праўда, у гэтых апошніх ён і наагул ня зусім ясны.
Заслугоўваюць увагі і некаторыя дэталі чыста стылістычнага характару. Так, напр., памастацку зробленая, аздобленая рытмічным узорам рамка скарынавае гравюры — апрацавана вострымі лісьцямі яшчэ готычнага характару, у той час як у чэскай „Бібліі“ 1506 г. ўжо адчуваюцца некаторыя элемэнты рэнесансу. Магчыма, што ў сувязі з гэтым трактоўка агалёных фігур Адама і Эвы, асабліва першага, — у чэскай „Бібліі“ некалькі больш свабодна; таксама лепш разгарнуты пэйзаж і лепей выяўлены прасторавыя адносіны. Але ў „Бібліі“ Скарыны — уся гравюра цалкам болей компактна і болей дэкорацыйна. Пры гэтым характэрна адзначаная намі перавага фігур над пэйзажам і аксэсуарамі (якая ўласьціва і больш позняй беларускай гравюры, а таксама малярству да XVIII ст. ўключна), —— тады як у гэты час значная