над горадам, што займае ўвесь задні плян гравюры, якія Ўладзімераў тлумачыць, як полымя. Цікавы фон неба, заштрыхаваны роўналежнымі лініямі, як у нямецкіх гравюрах. Па агульнай сваёй композыцыі аркуш гэты можа быць набліжаны да вядомай гравюры Альбрэхта Дюрэра „Сьв. Антоні“ 1519 г., і быў, магчыма, задуманы пад беспасрэдным яе ўплывам, і бяз усякай, напэўна, сувязі з „Хронікай“ Шэдэля, як гэта лічыць Ўладзімераў.
Гэты апошні зусім няправільна адзначае, як быццам у гэтым выпадку „від гораду з замкам змаляваны[1] з гравюры ў Хроніцы Шэдэля (гл. від Падуі, XXIII fol., tertia aetas mundi), направа-ж прырысаваны[2] Ерамія і над горадам полымя“. („Доктор Франциск Скорина“, стар. 81). Фактычна некаторае падабенства паміж пэйзажам, зьмешчаным у „Ераміі“ Скарыны, і памянёным відам гораду у „Хроніцы“ Шэдэля запраўды наглядаецца; але яно абмяжоўваецца толькі агульным выглядам гораду на ўзгорку (што малявалася ў той час надзвычайна часта, і ў тэй-жа „Хроніцы“ Шэдэля сустракаецца не адзін раз), а не дэталямі, апроч толькі паўмесяца на купале аднаго з будынкаў. Апроч таго, калі-б аўтар гравюры Скарыны запраўды карыстаўся Шэдэлем, дык тады было-б зусім незразумела, чаму ён запазычыў від чыста выпадкова ўзятага гораду — будзь то Падуя, або яшчэ які-небудзь іншы — у той час, як у тэй-жа „Хроніцы“ Шэдэля ёсьць асобная гравюра з відам Ерусаліма (Fol. XVII, secunda etas mundi), які ў даным выпадку якраз быў яму патрэбны. Другая памылка Ўладзімерава — гэта тое, што награвіраваны ў fol. XXIII „Хронікі“ горад, на які ён пасылаецца, — гэта зусім ня Падуя; надпісу на гравюры няма, з тэксту-ж, зьмешчанага на тэй-жа старонцы, відаць, што гутарка тут ідзе аб „Tireveris Gallie belgice caput“; але тут у самога Шэдэля таксама памылка пры друку: надрукаваная тут гравюра павінна была знаходзіцца на наступнай старонцы з подпісам „Damascus“ (тады становіцца зразумелай прысутнасьць паўмесяца), — тая-ж, якая зьмешчана пры гэтым подпісе, — наадварот, на яе месцы. Такім чынам, той краявід, на які пасылаецца Ўладзімераў, зьяўляецца зусім ня Падуяй, а Дамаскам, узяць які для скарынавай гравюры было яшчэ менш падстаў як Падую, якая мела хоць некаторыя адносіны да жыцьця і асобы Скарыны. Памылка Ўладзімерава тлумачыцца, як відаць, тым, што знайшоўшы ў „Хроніцы“ Шэдэля (Fol. XXІІІ) больш-менш адпаведную гравюру, але бяз надпісу, ён пачаў шукаць яе тлумачэньня па індэксе, і там памылкова замест лічбы ХХІІІ — узяў ССХІІІ, дзе памінаецца горад Падуя („Paduam urbem ecellin valde opressit“).
12. Данііл са львамі з кнігі „Данііла“ 1519 г. Памер: 103×105 mm. Надпіс: „Даниилу седящему сольвы принесе Аввакум обед“.
Некалькі наіўная зьместам і композыцыяй, але прыгожая па апрацоўцы гравюра. Данііл у яме з разьвінутай кнігай на каленах; наўкола яго чатыры львы, адзін з якіх быццам заглядае ў кнігу. Згары налева знаходзіцца слуп, да якога падвешаны шчыт з „гэрбам“ Скарыны. Каля слупа — паясны вобраз цара ў кароне і некалькі галоў. З правага боку, каля ямы, ня кепска зробленая фігура Аввакума з кошыкам у руцэ; за ім у воблаку шасьцікрылы херувім.
Па тэхніцы — адна з лепшых гравюр у групе, з сакавітым колёрытам і яснай выразнасьцю ліній.
Падагульняючы нашы паасобныя ўвагі адносна гравюр данае групы, мы павінны асабліва падкрэсьліць глыбака суцэльны яе характар