як з боку стылістычнага, так і ў тэхнічным сэнсе, дзякуючы чаму з агульнай масы гравюр у выданьнях Скарыны яна выдзяляецца найболей лёгка. Такая суцэльнасьць можа быць вытлумачана або тым, што ўся група цалкам зьяўляецца вытворам аднаго аўтара, або прыналежнасьцю розных аўтараў паасобных гравюр да адной строга вызначанай і сформаванай гравюрнай школы. Пры першым дапушчэньні — аўтарам гэтым прыходзіцца лічыць таго монограмістага МЗ, подпіс якога знаходзіцца на портрэце Скарыны, і якога пры разглядзе гэтага портрэту мы гадалі магчымым аднесьці да ліку чэскіх гравёраў. Але больш праўдападобным здавалася-б нам другое дапушчэньне, — згодна якога аўтарамі паасобных гравюр маглі быць і розныя гравёры, адзінства-ж стылю і тэхнічных спосабаў зьяўляецца вынікам аднолькавых адносін гэтых гравёраў да адной і тэй-жа — у гэтым выпадку, напэўна, таксама да чэскай — школы гравюрнага мастацтва, якая хоць і набліжаецца ў некаторых адносінах да нямецкай, але шмат у чым ад яе і адрозьніваецца, а ўласна: большай увагай да фігур за кошт зьнявагі да пэйзажу, меншаю дробнасьцю і дэталізаванасьцю рысунку, славянскімі тыпамі твараў і вопратак. Гэтая чэская школа, якая ў часы Скарыны напэўна існавала ў Празе, — хоць мы і ня маем аб ёй дакладных вестак, — бясспрэчна, не магла ня быць ім скарыстана, хаця відавочная перавага яе над іншымі школамі або паасобнымі майстрамі ў справе мастацкага аздабленьня кніжок Скарыны прышла не адразу. Характэрна, што з ліку дванаццаці апісаных намі гравюр — дзевяць зьмешчаны ў выданьнях 1519 г., дзьве — 1518 г. і толькі адна — портрэт Скарыны — 1517 г. Гэта паказвае, што спачатку Скарына чамусьці мала карыстаўся гравюрамі гэтага тыпу; і, запраўды, у першых праскіх яго выданьнях мы знаходзім гравюры самага рознастайнага характару як па тэхнічных, так і па стылістычных асаблівасьцях, якія былі, як відаць, зроблены рознымі гравёрамі і павінны быць намі разьмешчаны па розных групах; пры гэтым да другой групы з гэтых выданьняў адходзяць толькі тры гравюры. За тое з 1519 году становішча рэзка мяняецца: уласна гэты „чэскі“, як дапушчальна мы яго адзначаем, стыль — пануе амаль што ва ўсіх выданьнях, дзе мы можам налічыць дзевяць гравюр гэтага стылю і толькі дзьве ( „Ізраільскія палкі“ і „Руфь“) іншых тыпаў. Як відаць, Скарына спачатку прабаваў карыстацца паслугамі самых размаітых мастакоў, а можа і сам прымаў некаторы актыўны ўдзел у ваздобе сваіх кніжок (магчыма, не як гравёр, але як аўтар рысункаў, або эскізаў), — да тэй пары, пакуль ня спыніўся на аднэй азначанай гравюрнай школе, якая не без падстаў магла быць ім палічана за найлепшую і найбольш адпаведную мэтам яго выданьняў. З таго часу гэтая школа запанавала, і ўласна яна шмат у чым надала, мабыць, кніжкам Скарыны іх характэрны ў мастацкім і стылістычным сэнсе выгляд.
Трэцяя група гравюр заслугоўвае значна меншай увагі. У тэхніцы, у стылі і ў дэталях яна мае характэрныя рысы нямецкае ксылёграфіі канца XV — пач. XVI сталецьця, і, напэўна, якраз гэтыя гравюры меў на ўвазе Стасаў, адзначаючы прысутнасьць у выданьнях Скарыны вытвораў аднаго нямецкага гравёра сярод іншых славянскіх[1]. Нягледзячы, аднак, на досыць высокую тэхнічную дасканаласьць помнікаў гэтае групы, — у выданьнях Скарыны яна грае надзвычайна нязначную ролю, бо да яе могуць быць аднесены толькі тры ніжэй пералічаныя гравюры:
- ↑ Стасов, ор. cit., стар. 32.