Старонка:Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны (1926).pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

лёрыт. У композыцыйнай пабудове, як і ў папярэдняй гравюры, часткова ёсьць элемэнты адваротнае пэрспэктывы.

3. Саламон і царыца Саўская з кнігі „Эклезіаст“ 1518 г. Памер: 105×104,5 mm. Надпіс: „Царица Савва беседуе съ царем Саломоном“.

З правага боку, на троне з орнамэнтаванай сьпінкай, сядзіць Саламон у мантыі і кароне; каля трону некалькі прыдворных у доўгіх шырокіх адзежах славянскага фасону. Побач з тронам — царыца Саўская ў адкрытай адзежы з вузкімі рукавамі, таксама як і Саламон — у кароне; за ёю — сьвіта, на пярэднім-жа пляне, беспасрэдна перад тронам — жывёлы: маленькі слон, вярблюд і жырафа. Каля ступеняй трону — хлопчык і мужчынская фігура, як быццам на каленах. На заднім пляне — архітэктурныя дэталі: відаць частку столі, аздобленай гірляндамі, з левага боку — шэраг колюмнаў.

Па тэхніцы гравюра зроблена зусім слаба: штрыхі грубыя, цені ў некаторых мясцох пракладзены надзвычайна няўдала, шмат якія дэталі — асабліва дробныя — зусім нявыразны. Нягледзячы на добры замысел усёй композыцыі ў цэлым, самы рысунак надта няпэўны і нядбалы.

4. Хрыстос і Саламон з кнігі „Прамудрасьці Саламона“ 1518 г. Памер: 104×105 mm. Надпісу няма.

Зьяўляецца як-бы варыянтам гравюры „Хрыстос і нявеста“ з кнігі „Песьні песень“, якую мы ўжо разглядалі ў 2-й групе, — але па выкананьні значна слабей. Таксама як і ў гэтай апошняй асяродак заняты фігурай хрыста, павернутага, аднак, en face і зьмешчанага ў строга сымэтрычнай позе на ўмоўнай акружыне земскае кулі. Навокал яго ў воблаках два херувімы, налева ўнізе звычайны „гэрб“ з сонца і месяца, направа — мужчынская фігура на каленах, у шырокай адзежы, з непакрытымі доўгімі валасамі. Такім чынам, композыцыі блізка падобны, але ў гэтым выпадку ўжо няма выразнасьці ліній, шмат што зьяўляецца залішнім, і нават фігуры, дзякуючы няўмеламу разьмеркаваньню штрыхоў, часткова страцілі сваю плястычнасьць.

Значэньне гравюры з пэўнасьцю невядома. Уладзімераў лічыць, што бакавая фігура мужчыны гэта сам Скарына (стар. 78); але па нашай думцы для гэтага дапушчэньня няма ніякіх падстаў, асабліва, калі прыняць пад увагу адсутнасьць у гэтым выпадку вусоў, якія мы бачым на портрэце Скарыны таго-ж 1517 году. Мы з свайго боку тлумачым гэтую фігуру як Саламона, што магло быць сымболічнай ілюстрацыяй да зьместу кнігі.

5. Давыд перад каўчэгам з 2-й кнігі „Царстваў“ 1518 г. Памер: 105×105 mm. Надпіс: „Црь Двдъ играеть въ гусле неся Кивотъ гсдень царица же михоль видя ипогорде ибе неплодна“. (Дзіўным чынам, ня гледзячы на ўсе тэхнічныя яе недахваты і Стасавым (стар. 30) і Равінскім (стар. 5) адзначана як адна з лепшых).

Налева будынкі готычнае архітэктуры; у вакне пярэдняга з іх — дзьве фігуры па пояс; пад акном маленькі „гэрб“ Скарыны ў адваротным кірунку. На заднім пляне гарысты пэйзаж. Сьпераду некалькі чалавек нясуць каўчэг з высокай готычнай пакрышкай; перад каўчэгам Давыд у кароткім плашчы і кароне, з гусьлямі ў руках; за каўчэгам — жаночыя фігуры і некалькі галоў. — Тэхніка крыху нядбалая, і ў фігурах мала выразная. Зьвяртае на сябе ўвагу ня толькі адваротнае палажэньне „гэрбу“, але таксама і тое, што Давыд грае на гусьлях левай рукой: ужо адзін гэты факт не дазваляе згадзіцца з вышэйпрыведзенымі думкамі Стасава і Равінскага, і прымушае зьмясьціць гэтую гравюру далёка не на першым месцы сярод дрэварытаў Скарыны.