вай „Бібліі“, якія вымагалі найбольшай (зразумела дапушчальнай) верагоднасьці вобразаў, а значыцца скарыстаньня якіх-небудзь пэўных і аўторытэтных крыніц. Такімі крыніцамі зьявіліся „Нюрэнбэрская хроніка“ Шэдэля і „Комэнтарыі“ („Postilla“) Міколы Лірана, што ў свой час правільна было адзначана Ўладзімеравым[1]; але ў адзначэньні Ўладзімерава трэба ўнесьці некаторыя папраўкі: адносна тлумачальных рысункаў да саламонава храма з 3-й кнігі „Царстваў“ трэба зазначыць, што аналёгічныя гравюры (і то ня зусім тоесамыя і не да ўсіх рысункаў Скарыны) сустракаюцца толькі ў „Комэнтарыях“ Лірана, у „Хроніцы“-ж Шэдэля падобных гравюр зусім няма, у той час як Уладзімераў пасылаецца і на Лірана і на Шэдэля[2]; рысункі да Скініі з кнігі „Ісход“ — запраўды падобны да адпаведных гравюр і Лірана і Шэдэля; але тут трэба заўважыць папершае, што гэтыя гравюры ў Шэдэля і Лірана зусім тоесамыя і, мабыць, былі надрукаваны з адных і тых-жа дошчак; падругое, што па большай частцы кожны рысунак у гэтых выданьнях даецца ў двох варыянтах; патрэцяе — што рысункі Скарыны не тоесамы з гэтымі апошнімі, пры ўсёй сваёй блізкасьці да іх уяўляюць у некаторых выпадках значныя ўхіленьні ад орыгіналаў, зроблены лепш па тэхніцы выкананьня, і ўзбагачаны шчытамі, на адным з якіх зьмяшчаецца „гэрб“ Скарыны, на другім — знак △. Такім чынам, нават і тут, дзе гравюры Лірана і Шэдэля бясспрэчна былі скарыстаны як першаўзоры для адпаведных гравюр Скарыны, — усё-ж ня было беспасрэднага перайманьня, і першаўзоры падлягалі вядомай пераробцы, даволі цікавай, як мы ўбачым, у канонічных адносінах, у сэнсе выбару варыянтаў або іх комбінацыі; тым больш нельга казаць аб агульным уплыве выданьняў Лірана і Шэдэля на мастацкую апрацоўку выданьняў Скарыны, як гэта робіць Уладзімераў[3], бо залежнасьць апошніх ад першых абмяжоўваецца выключна гэтымі тлумачальнымі рысункамі, якія ў кнігах Шэдэля і Лірана маюць зусім не мастацкі, але чыста даведачны характар, — асабліва ў „комэнтарыях“ Лірана, дзе наагул зусім няма гравюр, зьмешчаных з мастацка-дэкорацыйнымі мэтамі.
Па зьмесьце сваім тлумачальныя рысункі скарынавай „Бібліі“ складаюцца з наступных аркушоў:
А. Тлумачальныя рысункі да саламонава храма з 3-й кнігі „Царстваў“ 1518 г.
а) „Взоръ храму гсдьніа отсаломона деланого“. Памер: 105×105 mm. Да некаторай ступені, але ўсё-ж вельмі далёка, нагадвае адпаведныя рысункі Шэдэля (Fol. LXVI, quinta etas mundi) і Лірана (Regum tertius, cap. IV), прычым адрозьніваецца ад іх сваімі пропорцыямі, дэталямі, і пэрспэктыўнасьцю рысунку. Падабенства, галоўным чынам, наглядаецца ў агульным стылі і ў характары верхняга гзымсу; вокны-ж, бальконы па рагох і ўваходныя дзьверы — трактаваны зусім інакш, у стылі нямецкіх грамадзянска-готычных пабудоў. (Адзначаецца Стасавым (стар. 30) у ліку лепшых гравюр).
б) „Образъ дву херувимовъ вмолитовници“. Памер: 105×105 mm. Пад готычнымі крыжовымі скляпеньнямі, перад стрэльчатым акном, ківот у выглядзе вялікае скрыні з прадоўжнымі ручкамі і высокай пакрышкай, якую здымаюць два кэрубы з разьвінутымі крыламі. У кнігах Шэдэля і Лірана падобнае гравюры зусім няма. Форма кі-