ў сваіх тэхнічных і стылістычных адзнаках; з тэхнічнага боку для іх характэрна высокая дакладнасьць і дасканаласьць выкананьня; у стылістычных адносінах — элемэнты позьняе готыкі і італьлянскага рэнэсансу, у некаторых выпадках — у нямецкай, а магчыма і ў чэскай яго варыяцыі. Гэтыя стылістычныя рысы былі сваячасна адзначаны ў спэцыяльнай літаратуры: „Праскія выданьні Скарыны, — кажа, напрыклад, проф. А. Некрасаў, — прадстаўляюць сабой орнамэнт італьлянскага рэнэсансу, але пераапрацаваны на нямецкім грунце. Акант набліжаецца да тэй тыпова нямецкай яго апрацоўкі, якую мы знаходзім у нямецкага гравёра канца ХV ст. Ізраэля Мэкенэма; побач з putti сустракаюцца фігуры людзей, блізкія па форме сваёй да вобразаў Лукі Кранаха, і фігуры лясных мар у стылі Альбрэхта Альтдорфэра. Італьлянская плястычнасьць адыходзіць на другі плян, засьціцца награмаджэньнем ліній, што тыпова для нямецкай гравюры. У праскіх і кракаўскіх (sic! М. Ш.) выданьнях Скарыны сустракаюцца застаўкі ў выглядзе аканту, які сымэтрычна разыходзіцца з асяродку ў абодва бакі застаўкі. Перавага важкіх формаў, накшталт шчытоў, колёнак, бубнаў знаходзіць сабе аналёгіі ў нямецкіх выданьнях XV-XVI ст. Некаторыя формы орнамэнту ўсходзяць яшчэ да готыкі“[1]. Да гэтых уваг трэба толькі дадаць, што як наагул ня варта перавялічваць значэньне нямецкае гравюры для выданьняў Скарыны, так і ў адносінах да орнамэнту нельга лічыць нямецкі ўплыў адзіным і найбольш істотным; далей — трэба адзначыць, што ўсе пэрсональныя набліжэньні Некрасава — чыста выпадковы і мала могуць высьветліць пытаньне аб запраўдным генэзісe скарынавых орнамэнтальных формаў; нарэшце, трэба падкрэсьліць некалькі нягрунтоўнае знаёмства аўтара з даным пытаньнем, вынікам чаго зьявілася пасылка на „кракаўскія“ выданьні Скарыны, якіх фактычна няма. Агулам-жа кажучы, — з увагамі гэтымі можна згадзіцца, асабліва ў тэй іх асноўнай частцы, якая правільна вызначае готычныя і рэнэсансавыя формы як найбольш важныя складальныя элемэнты орнамэнтальных композыцый скарынавых кніжок.
Але ў розных катэгорыях аздоб формы гэтыя распрацаваны таксама парознаму. Праўда, частка загалоўных аркушоў у стылістычных адносінах набліжаецца да некаторых заставак; але другія моцна адрозьніваюцца паміж сабой, вялікія-ж літары ўтвараюць зусім самастойную групу, пры гэтым найбольш багатую па рознастайнасьці рысункаў і тэм. Усе гэтыя катэгорыі павінны, такім чынам, разглядацца паасобна, хоць паміж іх і існуе вядомая стылістычная супольнасьць агульнага характару.
На першым месцы тут могуць быць вызначаны загалоўныя аркушы. Агулам кажучы, у выданьнях Скарыны гэтай катэгорыі графічных аздоб адведзена досыць выдатная роля, але большая частка іх у праскай „Бібліі“ ня мае орнамэнтальна-графічнага характару і пабудавана з чыста-сюжэтных гравюр. Як мы ўжо адзначалі, у сутнасьці амаль што ўсе пералічаныя намі вышэй гравюры, у комбінацыі з адпаведнымі загалоўкамі, зьяўляюцца загалоўнымі аркушамі да 22 паасобных біблійных кніжок; да некаторае ступені сюжэтны характар мае таксама і загалоўны аркуш „Акафістаў“ з віленскай „Малой Падарожнай Кніжыцы“, апісаны намі сярод гравюр першае групы. Але, апроч іх, існуе і некалькі чыста-графічных, орнамэнтальных аркушоў розных рысункаў і композыцый, дзе адпаведныя тэксты загалоўкаў або ўклю-
- ↑ А. И. Некрасов. Даклад: „Орнамент славянских печатных изданий XV-XVI в. „Древности. Труды Славянской Комиссии Имп. Москов. Археологич. О-ва“, т. V, М. 1911, протоколы, стар. 53.