Старонка:Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны (1926).pdf/39

Гэта старонка не была вычытаная

бакавыя маюць памеры 5×63 mm. i 5×63,5 mm.; левая з іх аздоблена геомэтрычным, правая — расьлінным орнамэнтам. Уся рамка сабрана некалькі неакуратна. Унутры яе знаходзіцца загаловак: „Починаєтьсіа псалътырь или песни стго пророка божиіа давыда царя ерусалимъска: о христе:“. Вялікая літара П — у цынобранай рамцы з геомэтрычным орнамэнтам.

г) Загалоўны аркуш акафіста Яну храсьціцелю з віленскай „Малой Падарожнай кніжыцы“. Найбольш прымітыўны з усіх загалоўных аркушоў Скарыны. Згары знаходзіцца застаўка памерам 64×7 mm., з нячытэльным рысункам на заштрыхаваным вэртыкалямі фоне. Пад ёй зьмешчаны тэкст загалоўку, разьмеркаваны ў форме трыкутніку: „акафістъ чесному ивъсехвалному пророку предтечи и крестителю господьню иоанъну поем“.

д) Загалоўны аркуш „Шостаднеўца“ з віленскай „Малой Падарожнай кніжыцы“. Аналёгічна аркушу „Псалтыру“, надрукаваны з чатырох дошчачак, верхняя і бакавая з якіх — тыя-ж самыя. Ніжняя памерам: 62,5×10 mm. запоўнена орнамэнтам у выглядзе двох злучаных хвастамі драконаў, з зеваў якіх выходзяць расьлінныя віткі. Унутры рамкі надпіс: „Шестодневець кратъкіи навсу неделю поченши отсуботы, по обычаю всехъ восточныхъ церквий: —“.

е) Загалоўны аркуш „Пасьледаваньня“ з віленскай „Малой Падарожнай кніжыцы“. Таксама надрукаваны з чатырох дошчачак, паўтарэньнем папярэдніх верхняй і бакавых. Ніжняя памерам: 63×10 mm. аздоблена парай сымэтрычных складаных віткоў, якія разыходзяцца ад асяродку. У рамцы загаловак: „Последование церковнаго собъраниіа въселетънаго от месеца сепътевриіа до месеца августа повъставу ерусалимъское церкви: —“.

У вагульнай масе сваёй загалоўныя аркушы выяўляюць: элемэнты готыкі ў праскай „Бібліі“, і рэнэсансавыя формы ў больш позьніх віленскіх выданьнях, з некаторым упрошчаньнем іх у бок большае схематычнасьці, — пры агульнай дакладнасьці гравіраваньня. Ва ўсіх выпадках, пры гэтым, значную ролю граюць і самыя загалоўкі, надрукаваныя прыгожым „скарынавым“ шрыфтам, з вялікіх літар, якія органічна ўключаюцца ў агульныя композыцыі аркушоў. Орнамэнтальныя мотывы, за выняткам праскае „Бібліі“, — некалькі аднастайныя, і ня маюць уласьцівага іншым аздобам у выданьнях Скарыны дэкорацыйнага багацьця і эфэктоўнасьці. Па думцы Ўладзімерава, віленскія выданьні сваімі загалоўнымі аркушамі, таксама як і гравюрамі, падобны да нямецкіх выданьняў малога формату: Missale, Breviarium, і асабліва Hortulus animae („Доктор Франциск Скорина“, стар. 176. Пры гэтым ён пасылаецца на Oscar Hase: Die Koberger, Leipzig 1885 — у нататках і рэгістрах). Адносна гравюр, часткова — добравешчаньня „Малое Падарожнае кніжыцы“, — мы ўжо адзначылі ў сваім месцы, што думка гэтая ня мае падстаў. Таксама і адносна загалоўных аркушоў Уладзімераў перавялічвае нямецкі ўплыў; мы з свайго боку паказанага ім падабенства не заўважылі.


З чыста орнамэнтальнага боку яшчэ больш цікавы застаўкі. Адзін з найбольш раньніх і ў той-жа час найбольш орыгінальных прыкладаў гэтае катэгорыі аздоб дае нам першае выданьне Скарыны — праскі „Псалтыр“ 1517 г. Вялікая фігурная застаўка зьмешчана тут перад самым пачаткам псальмоў, на тэй-жа старонцы, дзе знаходзіцца „цар Давыд“, што апісаны намі ў першай групе гравюр, на самай гары гэтае старонкі[1]. Яна мае форму прадоўжнага простакутніку

  1. Застаўка гэтая адзначана Віктаравым: „Замечательное открытие…“, стар. 6.