памерам: 84×44 mm., з выняткай унізе, вышынёю 23,5 mm. i шырынёю 18,5 mm. У гэтай вынятцы, на шчыце звычайнае формы, зьмешчаны „гэрб“ Скарыны з знакам зацьменьня. Самая застаўка на чорным фоне запоўнена белым штрыхаваным орнамэнтам з фігурамі. У васяродку знаходзіцца ваза з расьліннымі віткамі. Па бакох яе — дзьве фантастычныя фігуры, зьвернутыя тварамі ў розныя бакі: налева — мужчынская галава з вусамі і барадой, у круглай „магерцы“, сярод віткоў расьліннага орнамэнту, з лапаю льва і доўгім лускаватым хвастом дракона, які загінаецца ў кірунку да асяродкавае вазы; направа аналёгічная фігура з галавой жанчыны ў хустцы, завязанай накшталт намёткі, з лапаю драпежнага птаха. Грубаватая тэхніка выкананьня гэтае застаўкі набліжае яе да гравюр, зьмешчаных у тым-жа „Псалтыру“, і наагул да гравюр „першае групы“, прычым у сувязі з пытаньнем аб пахаджэньні гэтых гравюр, бясспрэчна, зварочвае на сябе ўвагу быццам беларускі характар галаўных убораў у фантастычных фігурах. Застаўка гэтая зьяўляецца адзінай, зробленай спэцыяльна для „Псалтыру“; апроч яе ёсьць яшчэ толькі адна, якая знаходзіцца перад пачаткам „песьні Майсея“; але яна тая-ж самая, што сустракаецца і ў „Бібліі“, напр., у канцы кнігі „Прамудрасьць“, у выглядзе лінейкі з белым асымэтрычным расьлінным орнамэнтам, — толькі надрукавана ў адваротным кірунку.
Застаўкі праскае „Бібліі“ 1517—1519 г. значна больш рознастайныя ў сваіх рысунках і сустракаюцца ў большай колькасьці. Кожная паасобная біблійная кніжка мае заўсёды 2—3 застаўкі: пасьля прадмовы, перад пачаткам тэксту і перад пачаткам пасьляслоўя; толькі ў некаторых выпадках, якія былі намі адзначаны, перад тэкстам замест застаўкі паўтараюцца сюжэтныя гравюры загалоўных аркушоў. Застаўкі гэтыя двох тыпаў: вялікія з фігурамі, якія зьмешчаны толькі перад тэкстам, — і ў іншых мясцох — малыя, трохі аднастайныя па рысунках, у характары вышэйпамянёнай другой застаўкі „Псалтыру“, з расьлінным орнамэнтам, часта з акантавых лісьцяў, па чорным фоне навакол асноўнага стрыжню; памеры іх розныя: даўжыня — 50, 85 i 105 mm., шырыня ад 8 да 15,5 mm. Вялікія застаўкі маюць памер: 106×53 mm.; у сярэдзіне іх нязьменна знаходзіцца „гэрб“ Скарыны, па бакох якога зьмяшчаюцца чалавечыя фігуры; застаўкі гэтыя ёсьць трох розных рысункаў:
а) „Гэрб“ у шчыце складанай фігурнай формы, з заштрыхаванай верхняй часткай поля. З абодвых бакоў яго зьмешчаны як быццам два „рогі раскошы“, орнамэнтаваныя лускамі і акантавымі віткамі; з гэтых рогаў выходзяць дзьве агалёныя, зьвёрнутыя тварамі адна да аднэй паясныя мужчынскія фігуры (а не мужчынская і жаночая, як гэта памылкова адзначае Ўладзімераў — стар. 76), бяз рук, з рэзка абрысаванымі энергічнымі профілямі і галаўнымі ўбраньнямі з расьлінных віткоў. У ніжніх кутох — дзьве невялічкія розэткі. Тэхніка выкананьня — надзвычайна майстэрская; дакладны і выразны рысунак, а таксама штрыхоўка, удала скомбінінаваная з чорнымі плямамі, робіць гэтую застаўку найлепшай з ліку вялікіх заставак.
б) „Гэрб“ усярэдзіне на доле ў паўкруглым шчыце няправільнае формы; над ім яшчэ раз паўтараецца мотыў злучаных разам сонца і месяца. З абодвых бакоў шчыт падтрымліваюць тоўстыя putti, сплеценыя буйным акантам. Тэхніка трохі слабейшая за папярэднюю застаўку; лініі дробныя, штрыхоўка тонкая, але некалькі неакуратная і менш выразная; агульная рамка — шырэй і грубей.
в) Найгоршая з вялікіх заставак. У васяродку — вянок са сплеценых сьцяблоў і лісьцяў; унутры яго падвешаны фігурны шчыт, усё