прак- мэтамі, як гэта зазначае і сам Скарына ў пасьляслоўі („Писаныи речи:“): „Закаждою кафісмою заставица болшая, а по каждой славе, заставица меншая, для лепшего разделения чтущимъ положены суть“: — Застаўкі гэтыя двох памераў: шырокія 63×10 mm. i вузкія 63×5 mm. І ў тых, і ў другіх на чорным фоне дробны расьлінны, а часам і геомэтрычны орнамэнт. Рысункі яго, агулам кажучы, аднастайныя, але ўсё-ж адрозьніваюцца паміж сабой. Уладзімераў налічвае ў вузкіх застаўках — 15, і ў шырокіх — 10 паасобных рысункаў (стар. 176), — праўда, гэта разам з паасобнымі дошчачкамі загалоўных аркушоў, так што ў самых застаўках колькасьць розных рысункаў фактычна некалькі менш. У „Малой Падарожной кніжыцы“ некаторыя застаўкі, замест чорнае фарбы, надрукаваны цынобрай. Ва ўсіх выпадках выкананьне заставак надзвычайна дакладнае і выразнае; па правільнай думцы Стасава застаўкі гэтыя, разам з загалоўнымі літарамі, далёка перавышаюць аналёгічныя аздобы праскае „Бібліі“, — ценкасьць-жа і мастацкая дасканаласьць іх выкананьня ў „Малой Падарожнай кніжыцы“, у злучэньні з прыгожым шрыфтам, робіць з яе нешта накшталт славянскага эльзэвіру“[1]. Магчыма, што ўсе гэтыя застаўкі, як дапушчае той-жа Стасаў[2], былі прывезены з Прагі.
Найбольш выдатнае па колькасьці, па высокай дакладнасьці выкананьня і па рознастайнасьці рысункаў месца сярод усіх графічных аздоб у выданьнях Скарыны, бясспрэчна, займаюць прыгожа орнамэнтаваныя вялікія літары. У праскіх выданьнях яны зьмяшчаюцца ў рамках розных памераў: 20×20 mm., 20×25 mm. i 20×30 mm.; унутры рамак літары абкружае тонка гравіраваны орнамэнт, які звычайна складаецца з кветак, лісьцяў, пладоў, рыб, птушак, жывёл, або людзей. У пахаджэньні сваім гэтыя літары, мабыць, усходзяць да тэй заходня-эўропейскай традыцыі, якая яшчэ ў ХѴ сталецьці ўтварала, аcaбліва ў Нямеччыне, вядомыя фігурныя альфабэты. Але нават сярод вытвораў заходня-эўропейскага кніжнага мастацтва літары Скарыны маглі-б быць адзначаны як досыць выключнае зьявішча і пастаўлены на адно з найбольш пачэсных месцаў. У кожным выпадку па дасканаласьці свайго выкананьня яны непараўнальна вышэй за літары чэскае „Бібліі“ і шмат якія нямецкія выданьні[3].
Літары ў паасобных праскіх выданьнях, г зн. у „Псалтыру“ 1517 г. і ў „Бібліі“ 1517—1519 гадоў — амаль што аднальковыя. Спэцыяльна для „Псалтыру“, як відаць, былі зроблены толькі нямногія варыянты, якіх няма ў біблійных кніжках: Г з аленем (пс. 86, 96 і інш.), іншае Г з дзьвюма готычнымі віткамі (пс. 98 і інш.), і Х, аздобленае мячом і шчытом з „гэрбам“ Скарыны (пс. 116 і інш.). Іншыя літары ў „Псалтыру“ тыя-ж самыя, што і ў „Бібліі“, у вапошняй-жа, апроч іх, ёсьць і яшчэ цэлы шэраг рысункаў, якіх у „Псалтыру“ няма. Сярод гэтых літар па колькасьці пераважваюць расьлінныя мотывы; але апроч іх можна знайсьці і шмат іншых, больш цікавых і складаных зьместам сваім аздоб. Па тыпах выкананьня яны падзяляюцца на тры групы: 1) белыя літары на чорным фоне, у вузенькай рамцы, паміж якой і фонам застаецца тонкая белая палоска; 2) такія-ж літары белыя на грануляваным фоне, і 3) літары лінейныя, або штрыхаваныя, на белым фоне ў чорнай рамцы.
Па колькасьці літар першая з гэтых груп — найвялікшая; у ёй можна адзначыць наступныя найбольш цікавыя ўзоры літар: А звычайных