скія выданьні зьявіліся толькі ў самым канцы ХVІ сталецьця; падругое, — высокая тэхнічная дасканаласьць скарынавых кніжных аздоб, зробленых, як мы адзначалі, напэўна, у Празе, а мо‘ нават і ў Італіі (хаця-бы часткова), — зьяўлялася хоць і досыць высокім, але ў той-жа час, бясспрэчна, і досыць цяжкім для перайманьня прыкладам, сьледаваць якому ў шмат якіх выпадках было не пад сілу ані для віленскіх, ані для якіх-небудзь іншых гравёраў. Усё-ж, аднак, гэта не выключала магчымасьці некаторага ўплыву скарынавых аздоб, асабліва на віленскія выданьні, які фактычна і адбываўся тым шляхам, які сваячасна адзначыў Стасаў: некаторыя выданьні паўтаралі застаўкі і загалоўныя літары Скарыны з яго аўтэнтычных клішэ, якія служылі для „Апосталу“ і „Малой Падарожнай кніжыцы“, — як напр. „Граматыка“ Зізанія 1596 году, „Устаў літургіі“ 1624 г. і „Вертаград душэўны“ 1620 г.; для іншых выданьняў рабіліся блізкія копіі скарынавых орнамэнтаў — напр. для „Псалтыру“ (Еўе, 1611); нарэшце ў трэціх ужываліся рэдка ўдалыя і часьцей за ўсё досыць грубыя перайманьні: прыкладамі тут могуць быць „Бяседы Макарыя Егіпецкага“ 1627 г. і „Трэбнік“ 1697 г.[1]. З ліку віленскіх выданьняў да гэтага некалькі няпоўнага сьпісу Ўладзімераў яшчэ дадае: „Малітвы штодзенныя“ 1596 г., „Казаньне сьв. Кірыла“ 1596 г. і „Служэбнік“ бяз году (Каратаеў, стар. 283, № 156.[2]).
Уплыў гэты не абмяжоўваўся аднымі толькі віленскімі выданьнямі: у вядомай залежнасьці ад выданьняў Скарыны, бясспрэчна, знаходзіліся і іншыя беларускія выданьні — Сымона Буднага („О оправдании“ і „Катэхізіс“ — Карат., 136—140) і Цяпінскага („Эвангельле“ 1570 г. — Карат., 201-203), — далей славянскія выданьні Прымуса Трубэра ў Тубінгене („Катэхізіс“ 1561 г., „Постила“ 1563 г., „Новы Закон“ 1563 г. — Карат., 132—148), нарэшце — некаторыя вытворы украінскага друку, як напрыклад астроскія выданьні („Псалтыр“ 1580 г. і „Біблія“ 1581 г.), а таксама кіеўскія і львоўскія праз пасярэдніцтва віленскіх, — што сваячасна было ўжо адзначана ў спэцыяльнай літаратуры[3].
Некаторыя аўтары лічаць, што традыцыя Скарыны, апроч таго зрабіла яшчэ свой уплыў таксама і на першапачатковыя вытворы маскоўскага друку, і была тым асноўным пунктам, з якога паступова выпрацавалася асобная маскоўская традыцыя[4]; пасылкі на так зв. „Хлудаўскае“ эвангельле 1553—1563 г.[5] у даным выпадку, праўда, не адпавядаюць рачавістасьці, бо гэтае апошняе, па нашым разглядзе і параўнаньні, ані ў шрыфце, ані ў застаўках і загалоўных літарах — ніякага падабенства да выданьняў Скарыны не ўяўляе; аднак, у іншых выпадках залежнасьць маскоўскага друку ад выданьняў Скарыны, бясспрэчна, наглядаецца, — што заўважана было яшчэ Некрасавым у вадносінах да орнамэнту[6].
Нельга, аднак, занадта перавялічваць значэньне ўсіх гэтых уплываў. У некаторых выпадках залежнасьць тых ці іншых выданьняў ад першаўзораў Скарыны зьяўляецца чыста друкарскай, а не мастацкай у поўным сэнсе гэтага слова; яна выяўляецца, галоўным чынам, у
- ↑ Стасов, op. cit., стар. 39.
- ↑ Op. cit., стар. 207.
- ↑ Пар. напр. Стасов, ор. cit., стар. 39; Некрасов, ор. cit., 91 і 95; Попов, ор. cit., стар. 24.
- ↑ Попов, ор. cit., стар. 25.
- ↑ Харлампович. Малороссийское влияние на великорусскую церковную жизнь. Т. I. Казань 1914. Стар. 96-97.
- ↑ Некрасов. Даклад у „Трудах Слав. Ком. Археолог. О-ва“, т. V. протоколы, стар. 53.