Старонка:Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны (1926).pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

шрыфце, часам ў вялікіх літарах, але ня ў іншых аздобах, якіх або зусім няма, або якія пабудаваны пад уплывам другіх прыкладаў, ці самастойна; да гэтае катэгорыі можна аднесьці выданьні Буднага і Цяпінскага, а таксама тубінгенскія выданьні Трубэра. Так, напрыклад: „Катэхізіс“ Буднага (Несьвіж, 1562) падобны да выданьняў Скарыны толькі шрыфтам, у літарах А, В, Е, М, а, в, ж, с, я; застаўка з выданьнямі Скарыны сувязі ня мае. Эвангельле Цяпінскага 1570 г. ва ўсіх вялікіх літарах амаль што паўтарае Скарыну, з малых літар падобны да скарынавых: а, в, е, фіта; орнамэнтаваныя загалоўныя літары меншага памеру нагадваюць меншыя з ліку загалоўных літар „Малое Падарожнае кніжыцы“; з іх-жа складаюцца загалоўкі „Евангелие“; заставак зусім няма. „Катехисмусъ“ Трубэра (Тубінген, 1561) зусім ня мае ніякіх аздоб, і толькі ў шрыфце выяўляе падабенства да выданьняў Скарыны, у літарах: А, В, Е, М, у, е, в. Той жа характар мае „Постила“ (Тубінген 1562) з аналёгічнымі асаблівасьцямі шрыфту, але дробныя яе гравюры з гравюрамі Скарыны ні ў чым ня зьвязаны. І толькі, нарэшце „Новы закон“ (Тубінген, 1563), апроч падабенства шрыфту, знаходзіцца ў вядомай залежнасьці ад выданьняў Скарыны ў трактоўцы некаторых загалоўных літар у рамках з чалавечымі фігурамі, якія па характары сваім нагадваюць праскія літары Скарыны, але нідзе з імі не тоесамы па рысунку і зьмешчаны, апроч таго, на заштрыхаваных, а не на чорных фонах; гравюры-жа, што знаходзяцца ў „Апокаліпсісe“, як і ў папярэднім выпадку, з гравюрамі Скарыны ня маюць нічога супольнага.

У некалькі іншых адносінах да скарынавых выданьняў знаходзіцца Астроская біблія 1581 г. У процілегласьць папяряднім выданьням, якраз шрыфт яе ня мае ніякае сувязі са скарынавым шрыфтам; загалоўныя-ж літары ў рамках, хоць і ўзяты ў іншых пропорцыях, але вытрыманы ў характары праскіх літар Скарыны з расьлінным орнамэнтам. Апроч таго, што наагул сустракаецца рэдка, вядомае падабенства выяўляецца таксама і ў чыста графічных аздобах: некаторыя застаўкі яе нагадваюць вялікія застаўкі скарынава „Апостала“ і „Малое Падарожнае кніжыцы“ (напр. „Баруха“, 1; „Аггея“, 1; „Ісход“, 1 і інш.). Але ўплыў выданьняў Скарыны ўсё-ж не зьяўляецца тут галоўным і пераважным, бо іншыя застаўкі, а таксама загалоўны аркуш па стылі сваім бліжэй да маскоўскіх выданьняў.

Нарэшце, найбольшаму ўплыву скарынавае орнамэнтыкі, бясспрэчна, падлегла віленская друкарская „школа“, прадстаўленая друкарнямі Вільні і Еўя. Так, напрыклад, „Молитвы повседневныя“ (Вільня, 1596) паўтараюць большую частку заставак і загалоўных літар са старых скарынавых клішэ „Апостала“ і „Малое Падарожнае кніжыцы“. Тыя-ж загалоўныя літары, праўда, ня ў вельмі значнай колькасьці, сустракаюцца ў „Казаньні сьв. Кірыла“ (Вільня, 1596). У „Граматыцы“ Зізанія (Вільня, 1596) ўсе застаўкі і некаторыя загалоўныя літары надрукаваны з тых-жа віленскіх клішэ Скарыны. „Новы закон і псалтыр“ (Еýе, 1611) таксама паўтарае ў сваіх загалоўных літарах літары скарынавых віленскіх выданьняў. Такім чынам, да самага пачатку ХVІІ сталецьця віленскія друкарні, як відаць, мелі магчымасьць беспасрэдна карыстацца аўтэнтычнымі скарынавымі клішэ. Але у „Вертаградзе душэўным“ (Вільня, 1620) ужо толькі некаторыя з загалоўных літар надрукаваны з гэтых клішэ, іншыя-ж зьяўляюцца крыху больш грубым іх перайманьнем. Цалкам перайманьне прадстаўляюць сабой загалоўныя літары „Устава літургіі“ (Вільня 1624); але яно абмяжоўваецца толькі гэтымі літарамі, застаўкі-ж і гравюры ад скарынавых незалежны. У „Бяседах Макарыя Егіпецкага“ (Вільня, 1627) ізноў скарыстаны не-