каторыя аўтэнтычныя скарынавы клішэ з віленскіх выданьняў (напр., Ш), але ў нязначнай колькасьці і толькі ў прадмове; тут-жа сустракаюцца перайманьні, досыць удалыя (напр., П); у самым тэксьце загалоўныя літары скомпанаваны ў характары праскіх літар Скарыны, але значна грубей па сваім выкананьні. Нарэшце „Трэбнік“ (Вільня, 1697) выяўляе ўжо выключна досыць грубое перайманьне віленскіх загалоўных літар Скарыны, у застаўках-жа і гравюрах ніякае сувязі з скарынавымі выданьнямі ня мае.
Такім чынам, мы бачым, што нават у тых выпадках, дзе мы маем падставы лічыць уплыў выданьняў Скарыны найбольшым як, напрыклад, у віленскіх выданьнях — уплыў гэты фактычна ня меў асабліва істотнага значэньня. Мэханічны перадрук заставак і літар Скарыны ня мог, зразумела, быць тэй асновай, адкуль выходзіла-б стылістычнае разьвіцьцё віленскае кніжнае орнамэнтыкі, якая ў канцы XVI і ў ХVІІ сталецьці ўжо разьвівалася шмат у чым пад уплывам іншых мастацкіх сувязяй і традыцый, і толькі ў некаторых асноўных прынцыпах друкарства падлягала яшчэ друкарскім традыцыям Скарыны. З гэтай прычыны тут і зусім ня было далейшага разьвіцьця скарынавых орнамэнтальных форм, у выпадках-жа, калі не хапала аўтэнтычных скарынавых клішэ, майстэрства віленскіх гравёраў у даным стылістычным напракму ніколі не падымалася вышэй за простыя копіі, або досыць слабыя перайманьні. Да таго-ж і гэты, далёка не вялікі ўплыў абмяжоўваўся толькі аднэй пералічанай намі групай кніжок, якая ў агульнай масе віленскіх выданьняў XVI, XVII і XVIII сталецьцяў складае параўнальна зусім нязначную частку. — Аб іншых выданьнях можна сказаць яшчэ менш: мы бачылі, што ў большасьці выпадкаў залежнасьць іх ад выданьняў Скарыны наглядаецца толькі ў шрыфце, графічныя-ж аздобы скарынава характару сустракаюцца ў іх у вельмі нязначнай колькасьці і выпадкова. Нарэшце, ніякага ўплыву не зрабілі гравюры Скарыны; яны нідзе ня былі паўтораны, нідзе ня выклікалі перайманьняў, нават у тых выпадках, калі тыя ці іншыя выданьні не абмяжоўваліся толькі графічнымі аздобамі, і ўводзілі ў сябе таксама і дрэварыты ў больш-менш значным ліку.
Але ўсё гэта толькі падкрэсьлівае асабліва выдатнае мастацкае значэньне выданьняў Скарыны ў гісторыі стара-беларускага кнігадрукарства і тое асобнае становішча, якое займаюць яны сярод іншых выданьняў. Нязначнасьць іх далейшых уплываў яшчэ раз толькі сьведчыць аб іх уласнай значнасьці і выключнай вартасьці. Яна паказвае, што больш-менш дасканалыя перайманьні тут былі немагчымы, бо самая першая спроба Беларусі ў галіне кнігадрукарства, на моцы цэлага шэрагу спагадных варункаў, сама па сабе зьявілася ўжо найбольш дасканалай. І гэта яшчэ раз дае нам падставы, каб запраўды лічыць выданьні Скарыны і па агульнай іх пабудове, і па дэталях апрацоўкі — у гравюрах і ў орнамэнтыцы — адным з найвышэйшых дасягненьняў друкарскага і ксылёграфічнага мастацтва ня толькі ў стара-беларускім, але і наагул у славянскім друку, — высокая дасканаласьць якога, такая суцэльная ў сваёй стылістычнай скончанасьці, ніколі і не магла дзе-небудзь быць перавышана.
Крыніцы: „Псалтыр“ Скарыны. Прага. 1517. Рас. Пуб. Бібл. VIII, 2, № 62; „Біблія“ Скарыны. Прага, 1517-1519. Рас. Публ. Бібл.. 3 томы: 1, 5, № 4а; 1, 5, № 4а/1; 1, 5, № 4а/2. Дублетны паасобнік, няпоўны: 1, 5, № 4в/4.[1] „Апостал“ Скарыны: 1, 5, № 7/г; „Малая Падарожная кніжыца“, 2 томы: 1, 5: № 8а/1; 1, 5. № 8а/2.
- ↑ Пяць кніжок „Бібліі“ Скарыны ёсьць і ў Беларускай дзяржаўнай Бібліотэцы пад №№ Б 09/3937—Б 09/3941.