уласных друкарскіх традыцый, якія цьвёрда захоўваліся на працягу сталецьцяў у віленскіх, магілеўскіх і іншых беларускіх друкарнях, і нават ня раз мелі свой уплыў на цэлы шэраг вытвораў (асабліва першапачатковых) украінскага і маскоўскага друку[1]. І разам з тым яна надала маладому беларускаму друку магчымасьць з самага пачатку спыніцца на пэўных, цьвёрда ўстаноўленых друкарскіх формах, і запазычыць усё тое лепшае, што толькі было ў тагочасным заходня-эўропейскім друкарстве.
Як вядома, тая эпоха, у якую разьвівалася выдавецкая дзейнасьць Францішка Скарыны, адзначана ў гісторыі Заходняй Эўропы моцным экономічным уздымам у сувязі з буйным разумовым і культурным рухам. Узмацненьне новае гарадзкое клясы ў барацьбе з ранейшым фэўдальным ладам, паволі зьнішчала старыя формы сярэднявечнага жыцьця. Эўропа была напярэдадні буйнога росквіту ва ўсіх галінах навукі і мастацтва. Раней занядбаныя artes bonae i artes liberales паступова вызваляліся з-пад цяжару мярцьвячай і ўпартай царкоўнай схолястыкі. Як адзін з ліку адукаваных і культурных людзей свайго часу, Францішак Скарына, бясспрэчна, ня мог застацца збоку гэтага магутнага руху; ён трымаў бязупынную сувязь з Захадам і ў сваёй літаратурна-выдавецкай дзейнасьць нязьменна орыентаваўся на сучаснае яму становішча заходня-эўропейскай выдавецка-друкарскай справы.
Але заходня-эўропейскае кнігадрукарства ў гэтыя часы было адным з асноўных і найбольш значных фактараў рэнесансу. З яго дапамогаю нават царкоўныя творы і кнігі сьвятога пісьма выходзілі па-за вузкія муры цэркваў і кляштараў і пашыраліся ў народзе, упяршыню выклікаючы ў тэй ці іншай меры крытычныя да сябе адносіны. Разам з тым і чыста гуманістычная цікавасьць да народнае мовы, да тых „vulgaria eloquia“, аб якіх успамінаў яшчэ Дантэ, — знайшла сабе выяўлен пры дапамозе таго-жа кнігадрукарства ў выданьні цэлага шэрагу перакладаў царкоўных кніг, асабліва бібліі, а таксама маленькіх падручных богаслужбовых кніжок — г. зв. „Biblia pauperum“, „Hortulus animae“ і інш.[2] — у простай зразумелай для народу мове, з прыгожымі аздобамі і гравюрамі.
Выданьні гэтыя, бязумоўна, былі добра вядомы Скарыне. Жадаючы даць таксама і свайму беларускаму народу зразумелую і з яго пункту погляду патрэбную кніжку, ён мог карыстацца некаторымі ўжо гатовымі ўзорамі для таго, каб уласныя яго выданьні ў тэхнічных і мастацкіх адносінах стаялі на ўзроўні тых запатрабаваньняў, якія тады прад‘яўляліся да друкарскіх вытвораў. Мабыць, з гэтай прычыны шмат якія рысы, уласьцівыя выданьням Скарыны, выяўляюць пэўную іх залежнасьць ад чэскай або нямецкай друкарскай тэхнікі. Але залежнасьць гэтая ніколі не пераходзіла ў простае перайманьне; трымаючыся заўсёды на вышыні адначасных з імі заходня-эўропейскіх выданьняў, — і часам нават перавышаючы некаторыя з іх, — выданьні Скарыны ў надворным сваім выглядзе ў той-жа час уяўляюць сабой нешта зусім асаблівае, орыгінальнае, адзначаюцца нейкім надзвычайна ценкім і добра сформаваным мастацкім густам.
- ↑ Пар. Стасов, ор. cit., 39; Харлампович. Малороссийское влияние на великорусскую церковную жизнь. Т. І. Казань 1914, ст. 96—97; П. Попов. Початки друкарства у слов‘ян. „Бібліологичні вісти“. Киів 1924. Стар. 25; даклад А. І. Некрасова, „Орнамент славянских печатных изданий XV—XVI в.“ — Древности. Труды Славянск. Ком. Моск. Арх. О-ва, V, 53.
- ↑ Пералік іх можна знайсьці ў Oskar Hase. Die Koberger. Leipzig 1885 — у рэгістрах і ўвагах.