Старонка:Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны (1926).pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

У параўнаньні да вытвораў заходня-эўропейскага друку, а таксама да ранейшых царкоўна-славянскіх выданьняў, у кнігах Скарыны можна знайсьці нават значна большую колькасьць чыста мастацкіх рыс. Яны выяўляюцца ў самым шрыфце, таксама і ў графічных аздобах, і, галоўным чынам, у шматлічных гравюрах. У вадносінах да шрыфту выданьні Скарыны належаць да г. зв. первястковых выданьняў: гэта значыць, што ўласьцівыя ім асаблівасьці шрыфту ні адкуль ня былі запазычаны, і толькі ў іх зьявіліся ўпяршыню, у выніку, мабыць, таго ці іншага ўплыву, зробленага асабістым скарынавым характарам пісьма. Для цэлага шэрагу літар тут былі знойдзены зусім самаўласьцівыя новыя нарысы; з іх ліку можна адзначыць: А, В, Е, Ж, М, У, і некаторыя іншыя[1]; у сваёй дасканаласьці, скончанасьці, і мастацкай прыгожасьці шрыфт гэты амаль што ніколі ня быў перавышаны ні ў якіх іншых як папярэдніх, гэтак і пазьнейшых славянскіх выданьнях.

Тое-ж самае трэба сказаць і пра графічныя аздобы, якія ў злучэньні з прыгожым шрыфтам надаюць скарынавым кнігам асабліва прыемны і прыгожы надворны выгляд. У заходня-эўропейскім друкарстве як у XV, гэтак і ў пачатку XVI сталецьця, графічная орнамэнтыка амаль што зусім ня ўжывалася, і толькі пазьней заняла адпаведнае месца ў мастацкай апрацоўцы выданьняў; царкоўна-славянскія выданьні значна раней, і нават яшчэ раней за Скарыну, згодна традыцыі, якая ішла ад старых бізантыцка-славянскіх рукапісаў, карысталіся застаўкамі і загалоўнымі літарамі, — праўда, ня ў вельмі значнай колькасьці; але стыль гэтых аздоб яшчэ захоўваў самую цесную сувязь з традыцыйнымі формамі бізантыцкіх рукапісных орнамэнтаў, што, разам з блізкім да рукапіснага шрыфтам, наагул надавала першапачатковым славянскім выданьням нейкі падобны да рукапісаў характар. Скарыстаўшы добрую дэкорацыйную традыцыю, Скарына, аднак, канчаткова адмовіўся ад перайманьня славянскіх рукапісных заставак, і ўводзячы ў свае орнаменты рысы заходня-эўропейскага, галоўным чынам, італьлянскага стылю, — надаў зусім іншы і новы сэнс старым, традыцыйным тыпам кніжных аздоб. Пазьнейшыя славянскія выданьні і ў гэтых адносінах ніколі не перавысілі выданьняў Скарыны, і нават не параўналіся з імі[2], — а толькі ішлі па іх сьлядох, паўтараючы вельмі часта ўзятыя з іх прыклады кніжнае орнамэнтыкі, як найбольш дэкорацыйныя па рысунку і найлепшыя па тэхніцы выкананьня.

Нарэшце, на першае месца сярод усіх мастацкіх аздоб у выданьнях Скарыны, трэба паставіць шматлікія дрэварыты, у большасьці — надзвычайна высокае тэхнічнае дасканаласьці, якія былі спэцыяльна зроблены для гэтых выданьняў, бясспрэчна, вельмі талентнымі і здольнымі майстрамі гравюрнага мастацтва. Вышэй мы ўжо адзначалі, што для вытвораў славянскага друку прысутнасьць гравюр у скарынавых кнігах зьяўлялася зусім новым прыёмам. Тут, пэўна, узяты былі за ўзор лацінскія, чэскія і нямецкія ілюстраваныя бібліі, у якіх да кожнай паасобнай біблійнай кніжкі звычайна дадаваліся адпаведныя ілюстрацыі. Але, запазычыўшы гэты спосаб, Скарына, мабыць, не здаволіўся простым перайманьнем гатовых композыцый і тэм, як гэта мела месца, напрыклад, у чэскай „Бібліі“ 1506 г.[3] ў параўнаньні да лацінскай „Бібліі“, выдадзенай у Вэнэцыі ў 1498 г.[4]. Пры ўсёй тэй увазе і пільнасьці, з

  1. Дакладней аб шрыфце Скарыны гл.: Владимиров, 78—79.
  2. Пар. Стасов, op. cit., 32.
  3. 15.46. 7. № 36. (Тут, як і ў далейшым, паказаны шыфр паасобніку Расійскай Публічнай Бібліотэкі).
  4. 9. ХІХ. 3. № 27.