якімі Скарына адносіўся да сваёй выдавецкай справы, ён, як відаць, ня мог абмяжоўвацца толькі зьмяшчэньнем у сваіх выданьнях патрэбнага гравюрнага матар‘ялу, але імкнуўся таксама і да найбольшай мастацкасьці гэтых выданьняў, да як найбольш дасканалай надворнай іх апрацоўкі.
Праўда, успамінаючы аб гравюрах у сваіх прадмовах да паасобных біблійных кніжок, Скарына нічога ня кажа аб іх мастацкім значэньні, і падыходзіць да іх з крыху іншага пункту пагляду; ён высоўвае на першы плян чыста практычны, ілюстрацыйны сэнс паасобных рысункаў, і разглядае іх у якасьці нейкіх дапаможных сродкаў для лепшага зразуменьня тэксту. „Ктобы пакъ межи простыми людми братии моеи, — кажа ён, — хотел іаснее разумети іаковым обычаем былъ храмъ оудѣлан Кивот Стол Светилник Требник ИРизы жреческие, Тое все вымалеваное нижеи знаидеть“.[1] Таксама і ў іншым месцы: „Положил есми всихъ книгахъ образци храму г(с)дьня и сосудовъ его, и дому Царева… А то для того, аби братия моя Русь люди посполитые чтучи могли лепеи разумети“[2]. На падставе гэтых адрыўкаў Уладзімераў, паміж іншым, і наагул зрабіў заключэньне, як быццам Скарына толькі такі сэнс надаваў усім гравюрам цалкам, і толькі так вытлумачваў мэты змяшчэньня іх у сваіх кнігах[3]. Але фактычна гэта ня зусім правільна.
Бясспрэчна, у даным выпадку Скарына зварочвае асаблівую ўвагу на навучальную ролю гравюр, на іх значэньне, як відавочных падсобкаў, прызначаных, каб лепш вытлумачыць ня вельмі выразны тэкст. Але гэта ні ў якім разе не датычыць усёй тэй масы гравюр, якая знаходзіцца ў выданьнях Скарыны, і закранае толькі адну і нават ня надта значную іх частку. Трэба зазначыць, што вышэйпамянёныя ўвагі Скарыны знаходзяцца толькі ў прадмовах да „сходу“ і „Царстваў“, г. зн. якраз да тых кніжок, дзе зьмешчана, як мы ўбачым ніжэй, некалькі спэцыяльна ілюстрацыйных рысункаў чыста тлумачальнага характару, з вобразамі паасобных частак скініі і саламонава храма, а таксама некаторых прадметаў з ліку спэцыяльных храмовых прылад; рысункі гэтыя былі запазычаны з аўторытэтных нямецкіх крыніц, і гралі ў выданьнях Скарыны якраз тую выключна службовую ролю, якую падкрэсьлівае ён у сваіх прадмовах. З іншымі дрэварытамі яны ні ў якай меры ня зьвязаны, утвараючы нейкую зусім паасобную групу як па зьмесьце сваім, гэтак і па стылістычных адзнаках. Пры гэтым бясспрэчна, што вышэйпрыведзеныя ўвагі Скарыны маюць дачыненьне толькі да гэтай групы тлумачальных рысункаў, як гэта відаць нават і з літаральнага сэнсу тэксту, дзе аўтар пералічвае зьмест памянёных ім гравюр; да ўсіх іншых гравюр — увагі гэтыя ня маюць ніякіх адносін, бо гэтыя іншыя надта значна ад іх адрозьніваюцца, і нават зусім не здавальняюць высунутаму Скарынай запатрабаваньню — быць дапамогаю для чытачоў, каб яны „чтучи могли лепеи разумети“. Тым часам, аднак, якраз гэтыя іншыя гравюры знаходзяцца ў выданьнях Скарыны ў большасьці, і граюць у іх непараўнальна больш значную ролю, ніж усе тлумачальныя рысункі першае групы.
У той час як апошнія зьмешчаны толькі ў дзьвёх з ліку 22 надрукаваных Скарынай біблійных кніжок, і да таго-ж зусім няпрыкметна схаваны ў сярэдзіне тэксту, — усе іншыя рэзка высунуты на першы плян, займаючы самае значнае месца ў надворнай апрацоўцы кожнае паасобнае кніжкі. Вялікія сюжэтныя гравюры з адпаведнымі 1) „Исходъ“, 4 б. 2) 3)