надпісамі зьяўляюцца тут адзінымі і надзвычайна ўдалымі аздобамі загалоўных аркушоў, у комбінацыі з фігурнымі загалоўнымі літарамі і надрукаванымі буйным шрыфтам загалоўкамі. У некаторых кнігах яны паўтараюцца яшчэ адзін раз у якасьці заставак перад самым пачаткам тэксту. Зьмест гравюр, пры гэтым, не заўсёды знаходзіцца ў беспасрэднай сувязі з тэкстам, а ў некаторых выпадках нават ня мае чыста ілюстрацыйнага характару[1]. Усё гэта, пры высокай тэхнічнай дасканаласьці паасобных гравюр, а таксама ў сувязі з прысутнасьцю ў большасьці кніжок спэцыяльных дэкорацыйных заставак, — сьведчыць аб нейкім асабліва дакладным і чыста мастацкім падыходзе да надворнае апрацоўкі скарынавых выданьняў, у якім, бясспрэчна, прымаўся пад увагу ня толькі прадметны і зьместавы, але таксама і формальна-мастацкі сэнс кожнае паасобнае гравюры.
Магчыма, што ў гэтым падыходзе, у сутнасьці мала ўласьцівым нават заходня-эўропейскім тагочасным выданьням, выявіўся вядомы ўплыў пэрсональнага густу Скарыны, які, да таго-ж, знаходзіўся, пэўна, у некалькі болей блізкіх адносінах да мастацкай аздобы сваіх выданьняў — і наагул да мастацтва — ніж гэта можна было-б дапушчаць па першым уражаньні. Тут, паміж іншым, цікава адзначыць той некалькі нязвычайны тытул, які далучаецца да імя Францішка Скарыны ў некаторых сучасных яму докумэнтах. Сам Скарына ў сваіх прадмовах і пасьляслоўях да паасобных біблійных кніжок заўсёды называе сябе „Влекарскихъ наукахъ Докторъ“ — бяз усякіх іншых дадаткаў, мабыць дзеля таго, што годнасьць доктара медыцыны ён сам лічыў найбольш пачэснай і важнай. Але мы ведаем, што апроч гэтае навуковае ступені, атрыманае ў 1512 годзе ў Падуі, Скарына меў таксама і ступень доктара artium, наданую яму яшчэ раней, напэўна ў Кракаўскім унівэрсытэце, — бо якраз з гэтым прыслоўкам імя Скарыны сустракаецца ў апублікаваных І. Шляпкіным падуанскіх докумэнтах, узятых з кнігі Sacri Collegii dominorum doctorum et artistarum, якая знаходзіцца ў архіве Падуанскага Унівэрсытэту[2]. У пазьнейшых докумэнтах 1530 г., якія захоўваюцца ў Кёнігсбэрскім Дзяржаўным Архіве (Foliant 48, S. 528 f.f. Pro D’. Francisco Scorina de Polotzko, Medicenae Doctori) i aпyблікаваны А. Мілавідавым, той-жа самы тытул ужываецца ў некалькі дапоўненай і вельмі цікавай для нас варыяцыі: „Franciscus Scorina de Polotzko, Arcium bonarum atque Medicinae Doctor faelixque professor“[3]. У першым выпадку — у форме „doctor artium“ бяз усякіх дадаткаў — тытул гэты, праўда, не прадстаўляе нічога асаблівага і сустракаецца досыць часта; ён надаваўся спэцыяльнымі факультэтамі artium, які існаваў і ў Кракаве, дзе прадметам курсу зьяўляліся захаваныя яшчэ ад антычнасьці „septem artes liberales“. Але з асобным прыслоўкам — „doctor artium bonarum“, — як мы сустракаем яго ў сувязі з імем Скарыны ў кёнігсбэрскіх докумэнтах, — ён зьяўляецца ўжо значна больш рэдкім і нязвычайным, і набывае некалькі іншы і новы сэнс. Як вядома, на-
- ↑ Пар., напр., гравюры, зьмешчаныя ў кнігах: „Прыповесьці Саламона“, „Ісуса сына Сірахава“, „Песьня песень“, „Прамудрасьць Саламона“ і „Эклезіаст“.
- ↑ И. Шляпкин. К биографии Франциска Скорины. „Журнал Министерства Народного Просвещения“, 1892. Апрель. СПБ. — „doctissimus iuvenis artium doctor“ — стар. 383. [Gratia in medicina amore Dei Francisci Rutheni quondam D. Lucae]; „artium doctor“ — стар. 385 [Privatum examen in medicinis D. magistri Rutheni].
- ↑ А. Миловидов. „Новые документы, относящиеся к биографии Франциска Скорины. Известия Отд. руск. яз. и слов. Российской Академии Наук“. 1917 г. Тома XXII книжка 2-я. Петроград 1918. Стар. 223. У другім докуменце: „Nos egregium et multijugiae eruditionis virum, Franciscum Scorinam de Polotzko, Arcium bonarum atque medicinae Doctorem in subditorum et servitorum nostrorum fidelium numerum adscivisse et suscepisse“. Там-жа, стар. 224.