Старонка:Грамадска-палітычныя і філасофскія ідэі твораў Ф. Багушэвіча (Лушчыцкі).pdf/1

Гэта старонка не была вычытаная

І. ЛУШЧЫЦКІ

ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНЫЯ І ФІЛАСОФСКІЯ ІДЭІ ТВОРАЎ Ф. БАГУШЭВІЧА

Францішак Казіміравіч Багушэвіч (1840-1900 гг.) быў адным з выдатных прадстаўнікоў перадавой грамадскай і філасофскай думкі ў Беларусі апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя. Яго светапогляд фарміраваўся перш за ўсё пад уздзеяннем рэволюцыйнага сялянскага руху ў Расіі, пад магутным ідэйным уплывам рускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў, перадавой рускай, украінскай і беларускай культуры.

У творах Багушэвіча знайшлі адлюстраванне сіла і слабасць сялянскага руху, моцныя і слабыя бакі рэволюцыйна-дэмакратычнай грамадскай і філасофскай думкі.

Творчасць паэта ахоплівае самае рознастайнае кола грамадска-палітычных, філасофскіх і соцыялагічных пытанняў.

Спынімся на разглядзе грамадска-палітычных і соцыялагічных ідэй, якія атрымалі асвятленне ў творах Багушэвіча.

Са старонак твораў Багушэвіча палае нянавісць да прыгонніцтва. І гэта адлюстроўвае сапраўдныя грамадскія адносіны ў беларускай парэформеннай вёсцы, аблытанай шматлікімі рэшткамі і перажыткамі прыгонніцтва. Перажыткі прыгоннага права, па вызначэнню В. І. Леніна, праяўляліся ў тым, што ў аграрнай земляробчай краіне, якой была царская Расія, земляробства было ў руках збяднелых сялян, якія вялі ўстарэлую, першабытную гаспадарку на старых прыгонных надзелах, урэзаных у карысць памешчыкаў у 1861 годзе. А, з другога боку, земляробства было ў руках памешчыкаў, якія ў цэнтральнай Расіі апрацоўвалі землі працай сялян, сялянскай сахой, сялянскім канём за «адрэзныя землі», за пакосы, за вадапоі і г. д.

Нягледзячы на буйныя рэшткі прыгонніцтва, у парэформеннай Расіі ішло хуткае развіццё капіталізма. Старая прыгонніцкая Расія падвяргалася глыбокім эканамічным пераўтварэнням. «Сяляне галадалі, пісаў Ленін, выміралі, разараліся, як ніколі раней, і ўцякалі ў гарады, кідаючы зямлю.

Узмоцнена будаваліся чыгункі, фабрыкі і заводы, дзякуючы «таннай працы» разароных сялян. У Расіі развіваўся буйны фінансавы капітал, буйны гандаль і прамысловасць»[1]. Грамадска-эканамічныя працэсы, што праходзілі ў парэформеннай Расіі і ў тым ліку ў Беларусі, знайшлі сваё адлюстраванне ў творах Ф. Багушэвіча.

Фокусам усяго грамадскага жыцця ў той час была барацьба сялян з памешчыцкім землеўладаннем і іншымі рэшткамі прыгонніцтва. Моцнай асаблівасцю светапогляду паэта-мысліцеля было тое, што ён горача адгукнуўся сваёй творчасцю на істотныя пытанні часу, стаў у рады актыўных барацьбітоў супроць перажыткаў прыгонніцтва, за зямлю для сялянства.

Багушэвіч разумеў, што рэформа 1861 года, праведзеная зверху ў інтарэсах эксплаататараў, але без падтрымкі знізу, не магла аблегчыць становішча сялян. Ён бачыў, што рэформа замест аднаго ярма надзела на сялян новае, больш цяжкае ярмо. Надзвычай разросся самадзяржаўны чыноўніцкі апарат, які цяжкім грузам душыў працоўных.

Аўтар «Дудкі беларускай» пісаў, што нават праз трыццаць год пасля адмены прыгоннага права сялянам жывецца вельмі дрэнна — «не надта свабодна ў гэтай свабодзе». У беларускай вёсцы засталіся пасля рэформы буйныя рэшткі прыгонніцтва, бо рэформа не толькі пакінула некранутым памешчыцкае землеўладанне, але яшчэ больш умацавала яго, узваліўшы на плечы збяднелых сялян увесь цяжар павіннасцей у карысць прыгонніцкай дзяржавы. Пасля рэформы павялічылася колькасць паноў. Яны, як саранча, жэрлі прадукты сялянскай працы, прысвойвалі матэрыяльныя багацці, здабытыя рабочымі і сялянамі. Ярка і вобразна паказвае паэт такое становішча

  1. В. І. Ленін. Творы, т. 16, стар. 301.