Старонка:Грамадска-палітычныя і філасофскія ідэі твораў Ф. Багушэвіча (Лушчыцкі).pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

служыць тым ідэям, якімі рухаецца век, што яна павінна служыць справе гуманнасці і палепшанню чалавечага жыцця. Багушэвіч стварыў паэтычныя творы народныя па форме і зместу, напоўненыя вялікімі грамадскімі ідэямі і думкамі свайго часу, духам барацьбы за знішчэнне прыгнёту, пафасам услаўлення стваральнай працы простага чалавека і яго верай у свабоднае жыццё. Такіх твораў патрабаваў Ф. Багушэвіч і ад беларускіх пісьменнікаў. Зыходзячы з гэтых патрабаванняў, ён падвяргае рэзкай крытыцы раннія творы Дуніна-Марцынкевіча за іх ліберальна-дваранскую накіраванасць.

У прадмове да зборніка «Смык беларускі» Багушэвіч пісаў: «Здарывалася мне чытаць і ксёнжачкі, хоць не надта старыя, друкаваныя, нават якогась пана Марцынкевіча, але ўсе, як-бы смеючыся з нашага брата пісаны; чытаў я і так перапісаныя вершыкі якогасьці Юркі «Панскае ігрышча», гдзе Юрка надта дзівуецца i як-бы завідуе панам тым, каторыя, можа, і больш ад Юркі таго працуюць, толькі, ведама, вучоныя, дык лягчэй і спарней. Я перапісаў і сюды тое «Ігрышча», Няхай выбачае пан Юрка, але, дальбог, аж злосць узяла, што Юрка спадабаў тое, што толькі блазну можа спадабацца. Я тыкі і чыркнуў яму «Адказ», але так думаю, што гэта ён, смеючыся з нашага цёмнага брата, напісаў; гэтак думаў, што дурны мужык, дык ужо нічога і не відзе, і не знае! Ой, памыліўся!»[1]

Тут Багушэвіч крытыкуе ў першую чаргу такія раннія творы Дуніна-Марцынкевіча, як паэму «Гапон» (1855), «Вечарніцы» (1855), «Купалле» (1856), «Шчароўскія дажынкі» (1857) і інш. У гэтых творах аўтар наперакор гістарычнай рэчаіснасці замазвае класавыя супярэчнасці паміж памешчыкамі і сялянамі, трактуючы ў ліберальна-дваранскім духу рад іншых грамадска-эканамічных адносін у дарэформеннай Расіі і Беларусі. Але Багушэвіч не ведаў такіх твораў Дуніна-Марцынкевіча, як «Пінская шляхта», «Залёты», «Вот свабоду дадуць скора», у якіх пад уплывам сялянскага вызваленчага руху аўтар падыходзіў да адлюстравання жыцця з рэалістычных пазіцый. Гэтыя творы былі апублікаваны пасля смерці Багушэвіча.

Варта сказаць, што свае шматгадовыя пошукі шляхоў вызвалення працоўных мас ад соцыяльнага і нацыянальнага прыгнёту Багушэвіч атоесамляе з пошукамі гаючай вады. У вершы «Мая дудка» ён піша:

Хіба ты не знаеш,
Не ведаеш хіба,
Што, як тая рыба
Ды на лёдзе б'ецца,
Так вот я, здаецца,
Сорак гадоў б'юся,
Ніяк не звярнуся,
Ніяк не натраплю
Вадзіцы хоць каплю,
Ды такой вадзіцы,
Ды з такой крыніцы,
Што, як хто нап'ецца,
Дык вольным стаецца[2].

У Багушэвіча рэалізм і ідэйнасць арганічна звязаны з народнасцю літаратуры. Паэт быў барацьбітом за сапраўдную народнасць літаратуры. Ён разумеў, што літаратура не можа быць «безнацыянальнай», касмапалітычнай. Развіццё літаратуры магчыма толькі ў нацыянальнай форме. У той жа час паэт марыў, каб голас нацыянальнай літаратуры быў пачуты іншымі народамі, каб яе чулі «па ўсёй зямлі, гдзе людзі жывуць».

Багушэвіч лічыў, што літаратура павінна ў першую чаргу адлюстроўваць жыццё простага народа, яго дэмакратычныя думы і імкненні. Ён сам змагаўся за стварэнне такой літаратуры.

Паэт цвёрда верыў, што беларускі народ створыць літаратуру, вартую яго гераічных спраў. Гэтая думка ясна выказана у прадмове да зборніка «Смык беларускі», дзе Багушэвіч гаварыў: «Смык ёсць, а хтось скрыпку, можа даробе, а там была «Дудка» вот і мы зробім музыку». А праз некалькі год ў адказ на гэтыя прарочыя словы паэтэса Цётка выпусціла зборнік рэволюцыйных вершаў «Скрыпка беларуская».

Надзеі паэта на стварэнне магутнай беларускай мастацкай літаратуры апраўдаліся. Слаўныя дэмакратычныя, свабодалюбівыя традыцыі, змагаром за якія выступаў Багушэвіч, прадоўжаны вялікай плеядай выдатных майстроў слова, памножаны і памнажаюцца ў новых гістарычных умовах.

  1. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск, 1952, стар. 83.
  2. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 28.