Старонка:Грамадска-палітычныя і філасофскія ідэі твораў Ф. Багушэвіча (Лушчыцкі).pdf/3

Гэта старонка не была вычытаная

Разбагацеўшы на чужой працы, шынкар стаў самай уплывовай асобай у вёсцы. У яго руках уся ўлада.

Тыповы беларускі магнат паўстае з верша «Не усім адна смерць». Гэта памешчык, які вымушаны ходам эканамічнага развіцця ўступіць на шлях капіталізма. Дадатковы прадукт, атрыманы ад эксплатацыі сялян, ён пераганяе ў чыстаган. Па словах паэта, у гэтага крывапіўца было так многа грошай, што, як бульбы ў склепе, ён не мог іх пералічыць.

Адначасова гэта быў тыповы памешчык-прыгоннік з усімі норавамі феадала. Кожнае сваё жаданне ён лічыў ледзь не святым, і чаго-б ні захацеў, людзі павінны былі рабіць — танцаваць, спяваць, іграць і нават плакаць.

У вершы «Аб замучаным дукаце» і «Эпіграме на магната Брублёўскага» аўтар нарысаваў канкрэтны і разам з тым абагулены вобраз буржуя з яго прагнасцю да грошай, крывадушшам і іншымі маральнымі заганамі.

Мілімончык наш Тадэўка,
Гад, на пацеры масцюк:
Як пачуе, дзе ёсць дзеўка,
Дык улезе, як пацук...
Як ён моліцца, то грэша,
Як смяецца — плачуць дзеці,
Як пабожыцца, то брэша,
Як салодкі — кепска будзе[1].

Вобраз прагнага дармаеда, паразіта стварае паэт у вершы «Хцівец і скарб на святога Яна». Заканчваецца гэты верш вывадам, што прагнасць нажыць грошы за кошт працоўных вядзе да пагібелі, праца-ж робіць чалавека высокародным.

Такім чынам, мы бачым, што паэт бязлітасна выкрываў як старых, так і новых эксплаататараў, як памешчыкаў, так прадстаўнікоў капіталізма, які хутка пранікаў у вёску.

Асабліва вялікую ўвагу аддае паэт барацьбе супроць царызма, які быў самым зацятым абаронцам прыгонніцтва. У большасці твораў Багушэвіча праводзіцца дэмакратычная ідэя, што самадзяржаўе — гэта цяжкія ланцугі прыгнёту, гэта аковы, якія стрымліваюць прагрэсіўнае развіццё грамадства, душаць усё перадавое.

Паэт лічыў, што ўся сістэма царызма, пачынаючы ад урадніка, земскага спраўніка, суддзі і канчаючы самім царом — гэта сістэма беззаконня і дзікага свавольства, сістэма казнакрадства і хабарніцтва, бюракратызма, прыгнёту і заняволення працоўных. Заслуга паэта ў тым, што ён адным з першых сярод беларускіх пісьменнікаў ад крытыкі асобных агіднасцей царызма ўзняўся да адмаўлення ўсяго самадзяржаўнага ладу. Гэта лепш за ўсё сведчыць, што паэт знаходзіўся на ўзроўні рэволюцыйна-дэмакратычных поглядаў свайго часу.

Ацэнка Ф. Багушэвічам самадзяржаўя ідэйна супадае з пазіцыяй Н. Дабралюбава, так выразна і поўна сфармуляванай у яго працах «Цёмнае царства», «Што такое абломаўшчына?» і іншых.

Сваю вострую сатыру паэт накіроўвае на барацьбу з беззаконнем, хабарніцтвам, цяганінай. У сатырычным вершы «Як праўду шукаюць» аўтар сцвярджае, што пры самадзяржаўі няма праўды, а ўсюды пануюць хлусня, ашуканства. Не прынесла праўды і рэформа 1861 года. Пасля яе жыццё працоўнага сялянства стала яшчэ больш цяжкім. Паэт гаворыць, што ў грамадстве, дзе дзяржава абараняе інтарэсы эксплаататараў, «простая праўда загінула ў свеце».

Вуснамі селяніна паэт расказвае аб бесчалавечнасці царскіх чыноўнікаў, цяганіне і хабарніцтве, якія прыносяць страшэнныя пакуты простаму чалавеку. Перад вачыма селяніна па шляху з вёскі ў Вільню ў адзін дзень адбываецца цэлы рад злачынстваў: забойства незнаёмага чалавека, пакража каня, гаспадар млына да поўсмерці зацкаваў ні ў чым невінаватую жанчыну, знаходзячы ў гэтым асалоду; па яго-ж віне праз разбураны мост у раку правальваецца карэта з пасажырамі, памешчык выплыў, а фурман патануў. Усе гэтыя злачынствы праходзяць беспакарана. Царскія чыноўнікі за хабар пакрывалі злачынцаў, а ні ў чым непавіннага селяніна доўга цягаюць па судах перш у якасці сведкі, а потым як абвінавачанага.

Выкрываючы судовую цяганіну, Багушэвіч абапіраўся на канкрэтныя шматлікія факты, якія мелі месца ў Беларусі. Тут судовыя справы сялян з памешчыкамі, асабліва па пытанні аб зямлі, разбіраліся доўгія гады і прытым, як правіла, вырашаліся ў карысць памешчыкаў.

Прывядзем толькі адзін прыклад з вялікай колькасці фактаў здзекаў у судах над сялянамі. Так, у часе размежавання зямель у сялян вёскі Мікіціна, Гродзенскай губерні, было адрэзана 107 дзесяцін зямлі ў карысць памешчыка Манюшкі. Пачалася шматгадовая судовая справа. У сваёй заяве ад 18 сакавіка 1871 года на імя начальніка Поўночна-Заходняга краю сяляне пішуць. што «міравы пасрэднік знаходзіцца на баку п. памешчыка Манюшкі, і хаця мы 26 разоў з'яўляліся ў Гродна - у канцылярыю да п. начальніка губерні, апрача бескарыснай перапіскі задавальнення не атрымалі»[2].

Паэт правільна робіць вывад, што ўся сістэма царскай адміністрацыйнай і судовай улады служыць інтарэсам пануючага класа эксплататараў. Беззаконне, бюракратызм і хабарніцтва царскіх чыноўнікаў абрабоўвалі да ніткі простага чалавека, які хацеў знайсці праўду. Так здарылася і героем верша «Як праўду шукаюць». Вось радкі, у якіх ярка раскрываецца трагедыя шукальніка праўды:

  1. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 123.
  2. ЦДА Літоўскай ССР, КВГГ, справа № 1536, a. 5-6.