Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/101

Гэта старонка была вычытаная

ненавідзела. І ён выратаваў яе! Няўжо-ж яна памылілася? Няўжо-ж ёй прыдзецца адмовіцца ад думкі лічыць яго сваім ворагам? Яна нічога не ведала і трапятала. Яна глядзела збянтэжаным поглядам і з кожным словам пана Мадлена адчувала, як нянавісць у яе сэрцы мала-па-малу знікае і ў грудзях загараецца нейкае палкае, невытлумачальнае, змешанае пачуццё радасці, давер'я і любові.

Калі Жавер вышаў, Мадлен павярнуўся да яе і павольным голасам, ледзь вымаўляючы словы, нібы стрымліваючы слёзы, сказаў:

— Я ўсё чуў. Я нічога не ведаў пра гэта. Думаю і адчуваю, што вы сказалі праўду. Я нават не ведаў, што вы больш не працуеце ў маіх майстэрнях. Чаму, вы проста не звярнуліся да мяне? Але цяпер гэта ўсёроўна. Я заплачу вашы даўгі, я загадаю прывезці да вас вашу дзяўчынку ці вы самі па яе з'ездзіце. Вы будзеце жыць тут ці ў Парыжы, дзе хочаце. Я паклапачуся пра вас і пра ваша дзіця. Калі вы не захочаце больш працаваць, то і не трэба. Я вам дам грошай, колькі вам трэба на пражыццё. Зрабіўшыся шчаслівай, вы будзеце зноў сумленная. І яшчэ паслухайце, што я вам скажу: калі ўсё вамі сказанае праўда, у чым я, вядома, не сумняваюся, то і ў гэтую хвіліну, як і ўвесь час, вы не пераставалі быць сумленнай жанчынай. О, бедная пакутніца!

Гэта было звыш сіл Фантыны. Казета будзе з ёю! Яна вызваліцца ад гэтага ганебнага жыцця, будзе жыць вольна, багата, шчасліва, сумленна і з Казетай! Адразу пасля такіх пакут апынуцца раптам у раі! Яна збянтэжана глядзела на гаварыўшага з ёю Мадлена і магла толькі вымавіць, задыхаючыся ад рыданняў:

— О, о, о!

Ногі ў яе падкасіліся, яна апусцілася на калені перад панам Мадленам і, перш чым ён паспеў ёй перашкодзіць у гэтым, схапіла яго руку і прытулілася да яе губамі.

Потым упала ў непрытомнасці,

Пан Мадлен загадаў перанесці Фантыну ў бальніцу, зробленую ў яго ўласным доме. Ён даручыў яе двум міласэрным сёстрам, якія паклалі яе на ложак. У яе з'явілася страшэнная ліхарадка. Амаль усю ноч яна трызніла. Нарэшце яна заснула.

Каля паўдня на другі дзень Фантына прачнулася. Яна пачула ля пасцелі нейчае дыханне. Расхінуўшы полаг, яна ўбачыла пана Мадлена, які стаяў ля яе ног і глядзеў на штосьці вышэй яе галавы. Позірк яго быў поўны жалю і глыбокага душэўнага смутку. Ён маліўся.

Мадлен зусім ператварыўся ў вачах Фантыны.