Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/103

Гэта старонка была вычытаная

шаптала, трызнячы: „Я была вялікая грэшніца. Але пакуль я жыла ў зле, я не хацела бачыць Казету, я не вынесла-б яе сумнага і здзіўленага позірку. Між тым, я-ж гэта тварыла для яе, і за гэта бог мне даруе. Калі Казета будзе тут, я буду глядзець на яе, і яе нявінны тварык прынясе мне палёгку. Яна-ж нічога не ведае“.

Пан Мадлен наведваў яе два разы ў дзень, і кожны раз яна ў яга запытвала:

— Ці хутка я ўбачу маю Казету?

— Магчыма заўтра раніцою, — адказваў ён. — Я чакаю яе з хвіліны на хвіліну.

І бледны твар маці ззяў ад радасці.

— О, якая я буду шчаслівая! — казала яна.

Здароўе беднай маці не толькі не паляпшалася, а, наадварот, рабілася ўсё горш і горш. Апошняя прастуда, выкліканая кінутым за каўнер сукенкі снегам, страшэнна пасунула наперад хваробу, якая была ў ёй ужо цэлыя гады. Доктар, выслухваючы грудзі Фантыны, трывожна матаў галавой.

— Ну, што? — запытваў яго Мадлен, вышаўшы з пакоя хворай.

— Ці няма ў яе якога-небудзь жадання, якое яна хацела-б здзейсніць? Ці не хоча яна бачыць каго-небудзь?

— Ёсць, — сказаў Мадлен.

— Дык спяшайцеся, ёй засталося мала часу.

Мадлен здрыгануўся. Потым вярнуўся да Фантыны.

— Што сказаў доктар? — запытала яна.

— Ён сказаў хутчэй прывезці да вас вашу дзяўчынку, і гэта дапаможа вам выздаравець.

— О, яго праўда! — ускрыкнула яна. — Але чаму гэтыя Тэнард'е не вязуць яе? Вось будзе шчасце, калі яна будзе тут, каля мане!

Тэнард'е, між тым, па розных надуманых прычынах, затрымлівалі дзяўчынку, гаворачы, што яна нездаровая і адпраўляць яе ў дарогу зімою вельмі небяспечна.

— Я пашлю па яе каго-небудзь, — сказаў Мадлен. — А то я і сам з'езджу.

Фантына прадыктавала яму пісьмо, пад якім падпісалася. Яно было наступнага зместу:

„Пан Тэнард'е!
Вы передасце Казету падаўцу гэтага пісьма.
Вам за ўсё заплацяць.
З шчырым прывітаннем.
Фантына“.

У гэты час здарылася важная падзея.