Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/111

Гэта старонка была вычытаная

З парога ён яшчэ раз абярнуўся, як і раней, з апушчаным позіркам.

— Пан мэр, — сказаў ён, — я астануся пры сваіх абавязках, покуль не буду зменены.

Ён вышаў. Пан Мадлен задуменна стаяў, прыслухоўваючыся да гукаў цвёрдых і ўпэўненых крокаў, якія ўдаляліся па каменных плітах калідора.

ХXIІІ

СЯСТРА СІМПЛІЦЫЯ

Падзеі, якія мы хочам тут апісаць, не ўсе былі вядомы у М. Але тое, што пасля зрабілася вядомым, пакінула па сабе ў горадзе такую памяць, што мы не лічым магчымым абыйсці ўсё гэта маўчаннем.

У гэтых падрабязнасцях чытач спаткае дзве-тры неверагодныя падзеі, але якія мы, аднак, захоўваем з павагі да ісціны.

Каля поўдня, пасля спаткання з Жаверам, пан Мадлен, як і заўсёды, пайшоў наведаць Фантыну.

Раней чым пайсці да яе, ён папрасіў да сябе сястру Сімпліцыю.

Дзве міласэрныя сёстры, якія знаходзіліся пры шпіталі, называліся адна сястра Перэпетуя, другая — Сімпліцыя.

Сястра Перэпетуя была простая, грубая сялянка і паступіла ў міласэрныя сёстры, як паступаюць ва ўслужэнне. Яна была манашкай таксама-ж, як бываюць кухаркай. Гэты тып сустракаецца даволі часта. Такога роду суб'екты, мужчыны і жанчыны, ахвотна прымаюцца манаскімі ордэнамі і ідуць на простую работу. Яны мяняюць толькі вопратку, дух-жа іх і розум астаюцца ў тым самым стане, у якім яны знаходзіліся, калі насілі сваю вясковую вопратку. Сястра Перэпетуя была тоўстая, чырвонашчокая манашка, гаварыла яна на сваім дыялекце, груба і сурова абыходзілася з хворымі і паміраючымі; тым не менш гэта была смелая і сумленная жанчына.

Сястра Сімпліцыя была белая і празрыстая, як вылепленая з воску. Поруч з сястрой Перэпетуяй яна здавалася васковай свечкай. Ніхто не мог-бы вызначыць яе ўзросту; яна ніколі не была маладая, але, здавалася, ніколі ні састарэецца. Гэта была асоба — мы не адважымся сказаць жанчына — пакорлівая, строгая, далікатная, халодная, не схлусіўшая ніколі ў жыцці. Яна была такая ціхамірная, што здавалася кволай, тым не менш яна была цвярдзейшая за граніт. Яна дакраналася да хворых сваімі тонкімі, нявін-