Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/112

Гэта старонка была вычытаная

нымі і чыстымі пальцамі. У яе гаворцы была, так сказаць, цішыня; яна гаварыла іменна столькі, колькі патрэбна. Гук яе голасу быў чароўны. Асаблівасцю сястры Сімпліцыі было тое, што ўсё, што яна ні казала, было святой ісцінай. Сваёй праўдзівасцю яна была вядома ва ўсёй кангрэгацыі[1]. Якімі-б шчырымі і чыстымі мы не былі, да нашай праўдзівасці заўсёды далучаецца частачка маны. У яе-ж ніколі. Маленькая мана, нявінная мана, хіба такая існуе? Маніць — гэта безумоўна дрэнна. Вось як яна думала. І як яна думала, так і рабіла. Адсюль і вынікала яе празрыстая белізна, праменні якой разліваліся нават на яе вочы і губы. Яе ўсмешка, яе позірк — усё было празрыстае. На шкле яе сумлення не было ніводнай пылінкі, ніводнай плямачкі.

Уступіўшы ў ордэн, сястра Сімпліцыя мела два недахопы, ад якіх яна мала-па-малу вызвалілася: яна любіла ласункі і любіла атрымліваць пісьмы. Цяпер-жа яна чытала адзін толькі маліцвеннік, і хоць не разумела па-латыні, але разумела затое сэнс кніжкі.

Сястра Сімпліцыя палюбіла Фантыну, адчуваючы ў ёй, мабыць, захаваную добрадзейнасць. Яна аддала сябе выключна догляду за ёю.

Пан Мадлен адвёў яе ўбок і даручыў Фантыну яе асаблівай увазе, — акалічнасці, аб якіх сястра ўспомніла пасля.

Перагаварыўшы з ёю, ён накіраваўся да хворай.

Фантына заўсёды чакала з'яўлення мэра, як сонечных праменняў. Яна казала сястры:

— Я жыву толькі тады, калі бачу пана мэра.

У гэты дзень у яе была моцная ліхарадка. Як толькі яна ўбачыла пана Мадлена, яна запытала:

— А Казета?

— Хутка, хутка, — адказаў ён, усміхаючыся.

Пан Мадлен абыходзіўся з Фантынай, як заўсёды. На гэты раз толькі ён замест поўгадзіны прабыў з ёю гадзіну, на вялікае яе шчасце. Ён тысячу разоў прасіў акружаючых клапаціцца аб хворай, каб яна ні ў чым не адчувала недахопу. Заўважылі, што на адну хвіліну па твары яго прабегла цёмнае воблака. Але гэта стала зразумела, калі даведаліся, што доктар, нахіліўшыся да яго вуха, прашаптаў:

— Яна хутка ідзе к канцу.

Потым ён прайшоў у мэрыю, і канторішшчык бачыў, як ён уважліва разглядаў дарожную карту Францыі, якая вісела

  1. Кангрэгацыя — аб'яднанне манаскіх абшчын каталіцкай царквы, якія трымаюцца аднаго ўстава.