Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/113

Гэта старонка была вычытаная

ў яго кабінеце. У гэты-ж час ён штосьці запісаў на паперцы алоўкам.

З мэрыі ён накіраваўся на канец горада, да аднаго фламандца Скофлэра, які аддаваў у наём коней „з кабрыялетамі“ па жаданню.

Каб прайсці да Скофлэра самым блізкім шляхам, трэба было накіравацца па бязлюднаму завулку, дзе стаяў дом прыходскага папа. У тую хвіліну, як пан Мадлен праходзіў па вуліцы, там трапіўся яшчэ адзін прахожы, які заўважыў наступнае: пан мэр спачатку прайшоў міма дома папа, потым спыніўся, пастаяў некалькі секунд нерухома, вярнуўся назад і падышоў да дзвярэй дома. Тут ён шпарка схапіў у руку малаток, нібы жадаючы пастукацца, але потым спыніўся, выпусціў малаток з рук і з паспешнасцю, непрыкметнай у ім раней, пайшоў далей.

Пан Мадлен застаў Скофлэра за рамонтам хамута.

— Гаспадар Скофлэр, — запытаў ён, — ці ёсць у вас добры конь?

— Усе мае коні добрыя, пан мэр, — адказваў фламандзец. — Што вы разумееце пад добрым канём?

— Пад добрым канём я разумею такога, які зрабіў-бы дваццаць лье за дзень.

— Двадцаць лье, чорт бяры! І запрэжаны ў кабрыялет?

— Так.

— А колькі часу будзе ён адпачываць пасля гэтага?

— Мне трэба вярнуцца на другі-ж дзень.

— І праехаць столькі-ж?

— Так.

— Ёсць у мяне, пан мэр, — адказаў, падумаўшы, фламандзец, — маленькі белы канёк, вельмі дужы. Вы яго бачылі, я думаю. Я яго запрагу ў кабрыялет. Ва ўпражцы ён смірны, як дзіця, і не любіць толькі, калі на яго садзяцца верхам.

— І ён прабяжыць дваццаць лье?

— І ўвесь час рыссю менш чым за восем гадзін, але вось на якіх умовах.

— Кажыце.

— Па-першае, на поўдарозе вы дасце яму гадзіну адпачыць. Тут вы яму засыпце аўса і не адыходзьце ад яго, пакуль ён усяго не з'есць, таму што калі даручыць гэта шынкарскім канюхам, то яны гэты авёс украдуць і прап'юць.

— Буду сам стаяць пры ім.

— Па-другое... вы паедзеце ў кабрыялеце адзін, без багажу, каб не абцяжарваць каня.

— Згодзен.

— Я вазьму за гэта трыццаць франкаў у дзень, прычым