Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/124

Гэта старонка была вычытаная

— Хто тут? — запытаў ён гучна і ў замяшанні.

Потым дадаў з якімсьці вар‘яцкім смехам.

— Які я дурны! Нікога і быць не можа.

Ён выняў падсвечнікі з агню і зноў паставіў іх на камін. Потым зноў пачаў манатонна і панура хадзіць па пакоі; гэта абудзіла спаўшага ўнізе чалавека.

Гэтае хаджэнне палягчала і дурманіла яго ў адзін і той-жа час. Праз хвіліну ён забыў, на чым спыніўся.

Ён аднолькава прыходзіў у жах ад абодвух процілеглых рашэнняў. Абодва былі аднолькава пагібельны. Што рабіць, вялікі божа, што рабіць?

Бура, якую ён перамог з такімі цяжкасцямі, зноў забушавала ўнутры яго. Думкі яго пачалі блытацца. Ён хістаўся духам і целам. Ён хадзіў няпэўнымі крокамі, які дзіця, якое толькі што пачынае станавіцца на ногі.

Зноў паўставала цяжкое пытанне: ці трэба данесці? ці трэба маўчаць? Ён нічога не мог сабе ясна ўявіць. Адказы на гэтыя пытанні рассейваліся, як дым. Ён адчуваў толькі, што, якоё-б рашэнне ён не прыняў, частка яго істоты павінна немінуча памерці, што як з аднаго, так і з другога боку перад ім зіяе магіла, што ён перажывае агонію ці свайго шчасця, ці сваёй добрадзейнасці. Я

Увы! ім зноў заўладала страшэннае хістанне, Ён ні на крок не пасунуўся наперад.

Так змагалася ў роспачы гэтая няшчасная душа.

XXV

КОЛЫ І „ПАЛКІ Ў КОЛЫ“

Прабіла тры гадзіны; ужо пяць гадзін хадзіў ён узад і ўперад па пакоі, амаль не спыняючыся. Нарэшце ён апусціўся на крэсла.

Ён заснуў. Гадзіны праз дзве ён прачнуўся увесь празяблы. Рэзкі прадранішні вецер урываўся ў адчыненае акно. Агонь у каміне пагас, свечка амаль дагарэла. Была яшчэ цёмная ноч.

Ён устаў і падышоў да акна. Зорак на небе, як і раней, не было. Стук па бруку прымусіў яго здрыгануцца. Ён зірнуў направа і ўбачыў дзве светлыя кропкі, якія набліжаліся да яго дома. Ён пазнаў эхіпажныя ліхтары. Гэта было цільбюры, запрэжанае маленькім белым конікам, капыты якога гучна стукалі па бруку.

„Што гэта за зкіпаж? — падумаў ён. — Хто гэта выязджае так рана?“

У гэтую хвіліну ціха пастукаліся ў дзверы яго пакоя.