— Хто там?
— Я, пан мэр, — адказаў чыйсьці голас.
Ён пазнаў голас сваёй служанкі.
— Што вам патрэбна?
— Хутка пяць гадзін, пан мэр.
— Што-ж мне да гэтага?
— Хіба пан мэр не заказваў экіпаж? Фурман гаворыць, што з‘явіўся па загаду пана мэра.
— Які фурман?
— Фурман пана Скофлэра.
— Скофлэра? — паўтарыў Мадлен, здрыгануўшыся, нібы перад ім бліснула маланка. — Ах, так, Скофлэр, — вымавіў ён.
Калі-б старая служанка ўбачыла яго ў гэтую хвіліну, яе ахапіў-бы жах.
Запанавала даволі поацяглае маўчанне. Ён глядзеў бессэнсоўным позіркам на полымя свечкі, здымаючы нагарэлы воск і круцячы яго паміж пальцаў. Старая чакала. Нарэшце, яна адважылася зноў запытаць:
— Што-ж сказаць фурману, пан мэр?
— Скажыце, што я зараз выйду.
У гэтую ноч мальпост[1], спускаючыся па Гедынскай дарозе ў М. зачапіў на павароце за кола маленькага цільбюры, запрэжанага белым конікам і ехаўшага ў процілеглым кірунку. У ім сядзеў адзін толькі чалавек, старанна захутаны ў плашч.
Кола экіпажа атрымала моцны штуршок.
Фурман мальпоста закрычаў праезджаму спыніцца, але той не звярнуў на гэта ніякай увагі і па-ранейшаму ехаў шпаркай рыссю.
— Напэўна, чалавек гэты шалёна спяшаецца, — праказаў фурман.
Чалавек, які так спяшаўся наперад, быў той, каго мы бачылі ў барацьбе з душэўнымі хваляваннямі і які, ва ўсякім выпадку, заслугоўваў спагады.
Куды ён ехаў, ён не мог-бы гэтага сказаць.
Чаго ён спяшаўся? Ён сам не ведаў. Ён наўгад імкнуўся наперад. Куды? Вядома, у Арас; магчыма, ён і ў іншае мёсца ехаў-бы таксама. Часамі дрыготка прабягала па ўсім яго целе. Ён пагружаўся ў цемру, як у бяздонне. Штосьці прыцягвала яго, штурхала яго. Ён нічога яшчэ не вырашыў, нічога не зрабіў, ні на чым не спыніўся. Больш чым калі-небудзь ён знаходзіўся ў нерашучасці. Чаго ён ехаў у Арас?
Ён у соты раз паўтараў сабе, што трэба пераканацца ва
- ↑ Мальпост — карэта, якая перавазіла пошту і пасажыраў.