Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/135

Гэта старонка была вычытаная

Была хвіліна, калі ён зрабіў жэст, які выражаў упартасць і непакору. Ён нібы гаварыў:

— Ды хто-ж прымушае мяне рабіць гэта?

Потым ён шпарка павярнуўся, падышоў да дзвярэй, праз якія ўвайшоў у гэты пакой, адчыніў іх і вышаў. Ён апынуўся ў калідоры, доўгім і вузкім, ледзь асветленым там-сям цмяна мігаючымі ліхтарамі. Ён уздыхнуў і прыслухаўся. Вакол была цішыня. Ён пусціўся бегчы, нібы за ім гналіся.

Прабегшы некаторую адлегласць, ён зноў прыслухаўся. Цішыня, як і раней, не парушалася. Ён задыхаўся і, хістаючыся, прыхінуўся да сцяны. Каменная сцяна была халодная; ён здрыгануўся і адступіў ад яе.

І вось, стоячы адзінокі ў цемры, дрыжучы ад холаду і ад іншых адчуванняў, быць можа, ён аддаўся размышленню. Ён размышляў ужо цэлую ноч, ён размышляў цэлы дзень і цяпер у глыбіні душы чуў адзін толькі голас, які ўскрыкваў: увы!

Так прайшло з чвэрць гадзіны. Нарэшце, ён панік галавой, уздыхнуў з глыбокаю тугой, апусціў рукі і вярнуўся назад. Ён ішоў павольна, нібы прыдушаны цяжарам. Здавалася, што хтосьці злавіў яго ў часе ўцякання і вёў цяпер назад.

Ён зноў увайшоў у дарадчы пакой. Першае, што кінулася яму ў вочы, была медная ручка дзвярэй. Яна ззяла ў яго вачах, як страшная зорка. Ён не мог адвесці ад яе вачэй. Час ад часу ён рабіў крок у кірунку да дзвярэй.

Калі-б ён прыслухаўся, то мог-бы адрозніць далятаўшы з зала смутны гул. Але ён нічога не чуў.

Раптам, сам не ведаючы як, ён апынуўся перад дзвярыма, павярнуў ручку і ўвайшоў у зал пасяджэнняў.

Ён увайшоў, машынальна зачыніў за сабой дзверы і спыніўся.

Перад ім было вялікае, цмяна асветленае памяшканне, у якім то падымаўся гул, то наставала цішыня. У адным канцы яго сядзелі суддзі з рассеяным выглядам, у сваіх падношаных мантыях, грызучы пазногці або жмурачы вочы. У другім — абшарпаны, у лахманах натоўп; адвакаты ва ўсялякіх позах; салдаты з сумленнымі і суровымі тварамі. Сцены і столь былі брудныя, сталы, пакрытыя зялёнай саржай, спярэшчаны плямамі, дзверы захватаны рукамі. Лямпы, якія віселі на сценах, больш чадзілі, чым свяцілі. На сталах гарэлі свечкі ў медных падсвечніках. Цемень, агіднасць, нуда. І ад ўсяго гэтага павявала чымсьці строгім і велічным, таму што адчувалася вялікая сіла чалавечая, называемая законам і правасуддзем.