Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/146

Гэта старонка была вычытаная

Сястра не ўвайшла разам з ім. Ён стаяў перад ложкам, выпрастаўшыся ва ўвесь рост, прыклаўшы палец да губ, нібы просячы кагосьці маўчаць.

Фантына расплюшчыла вочы, убачыла яго і, спакойна ўсміхаючыся, запытала:

— А Казета?

Яна не выявіла ні здзіўлення, ні трывогі; яна ўся была ўвасабленне радасці. Яе простае пытанне было прасякнута такой глыбокай упэўненасцю, такой адсутнасцю трывогі, што ён адразу не знайшоў нават, што ёй адказаць. Яна-ж казала далей:

— Я ведала, што вы тут; я хоць і спала, але бачыла вас. Я вас ужо даўно бачу і ўсю ноч вачыма сачыла за вамі. Вы акружаны былі ззяннем. Але скажыце-ж мне, дзе Казета? Чаму вы не пасадзілі яе сюды на пасцель, каб я адразу-ж магла ўбачыць яе, як прачнуся?

Ён штосьці такое адказаў, чаго ніколі не мог прыпомніць пасля.

На шчасце, папярэджаны своечасова доктар увайшоў у пакой. Ён з'явіўся на дапамогу пану Мадлену.

— Дзіця маё, супакойцеся, — сказаў ён. — Дзяўчынка ваша тут.

Вочы Фантыны заззялі і асвятлілі ўвесь твар. Яна склала рукі з выразам палкай і пакорлівай мальбы.

— О, — ускрыкнула яна, — прынясіце мне яе!

Казета, як і раней, заставалася для сваёй маці малюткай, якую можна было прынесці.

— Зараз нельга, — сказаў доктар. — У вас яшчэ ліхарадка. Прысутнасць вашага дзіцяці ўсхвалюе вас яшчэ больш. Вам трэба раней ачуняць.

Яна з гарачнасцю перапыніла яго:

— Я зусім здаровая, кажу, што зусім здаровая. Гэты доктар — сапраўдны асёл! Ды што-ж гэта? Я хачу бачыць сваё дзіця!

— Вось бачыце, — адказаў доктар, — як вы хвалюецеся. Да таго часу, пакуль вы будзеце такая, я не дазволю прывесці дзяўчынку. Мала бачыць, вы яшчэ павінны жыць для яе. Калі вы супакоіцеся, я сам прывяду яе.

Бедная маці панікла галавою.

— Пан доктар, прабачце, прабачце мне! Я раней ніколі не была такой грубіянкай. Але я перажыла столькі гора, што часта сама не ведаю, што кажу. Я разумею, вы баіцеся хвалявання, але я буду чакаць, колькі хочаце, і, клянуся вам, што спаткание з маёй дачкой не пашкодзіць мне. Яна ў мяне перад вачыма са ўчарашняга дня. Ведаеце, калі-б мне прынеслі яе зараз, я пачала-б ціха з ёю гутарыць.