Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/147

Гэта старонка была вычытаная

Вось і ўсё. Хіба гэта не натуральна, што я жадаю гутарыць з маім дзіцем па якое знарок ездзілі ў Манфермейль? Я не злуюся. Я ведаю, што буду шчаслівая. Калі вы захочаце, мне прывядуць маю дзяўчынку. У мяне няма больш ліхарадкі, бо я здаровая. У мяне нічога больш няма, але я буду трымаць сябе, як хворая, каб не рабіць прыкрасці добрым сёстрам. Калі ўсе ўбачаць, што я зусім супакаілася, то скажуць: трэба прывесці да яе дзіця.

Пан Мадлен прысеў на крэсла ля ложка. Яна павярнулася да яго. Яна рабіла відавочнае намаганне, каб здавацца спакойнай і „разумнай“, як яна гаварыла, каб акружаючыя, бачачы яе такою, прывялі да яе Казету. Тым не менш яна не магла стрымацца, каб не засыпаць пытаннямі пана Мадлена:

— Ці добра вы з‘ездзілі, пан мэр? Які вы добры, што паехалі па яе! Скажыце мне толькі, як яна? Ці добра перанесла дарогу? Увы! Яна мяне не пазнае! Яна забыла мяне за гэты час, бедная малютка. У дзяцей кароткая памяць як у птушак: сёння адно, заўтра другое. Ці ёсць у яе бялізна і ці чыста трымалі яе гэтыя Тэнард'е? О, як я мучылася, думаючы пра гэта ў дні сваіх няшчасцяў! Але цяпер усё мінула. Мне весела. Як-бы я жадала яе бачыць! Яна-ж прыгожанькая, пан мэр, ці-ж не праўда? Вам, пэўна, было вельмі холадна ў дыліжансе… Хіба нельга прынесці яе хоць на аднюсёнькую хвілінку! Потым яе зноў аднясуць. Скажыце, вы-ж тут гаспадар, няўжо вы не хочаце?

Ён узяў яе за руку і сказаў:

— Казета цудоўная, Казета здаровая, вы яе хутка ўбачыце, але толькі супакойцеся, вы надта многа гаворыце і высоўваеце рукі з-пад коўдры, а гэта прымушае вас кашляць.

Сапраўды, кашаль амаль кожную хвіліну перапыняў гаворку Фантыны.

Яна змоўкла, баючыся парушыць тое давер‘е, якое яна, на яе думку, пачала было ўжо выклікаць да сябе. Яна праказала некалькі пабочных сказаў:

— Ці-ж не праўда, у Манфермейлі вельмі нядрэнна? Летам туды ездзяць на прагулкі. Як ідуць справы ў Тэнард'е? У іх там мала народу бывае. Іх гасцініца падобна хутчэй да шынка.

Пан Мадлен усё не выпускаў яе рукі з сваёй. Ён глядзеў на яе з душэўнай трывогай. Відавочна, ён прышоў сказаць ёй штось такое, чаго цяпер не адважваўся зрабіць. Доктар вышаў. З імі асталася адна толькі сястра Сімпліцыя. Сярод маўчання Фантына раптам ускрыкнула:

— Я чую яе, божа, я чую!