Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/166

Гэта старонка была вычытаная

— Ці вылезеш ты? — крыкнула гаспадыня. Казета таропка выбралася з сваёй нары. Гаспадыня сказала ёй:

— Ну, дзяўчынка, ступай, прынясі вады для каня.

— Адкуль-жа, сударыня? Вады-ж больш няма, — адказала ледзь чутным голасам Казета.

— Дык ідзі прынясі!

Казета схіліла галаву і пайшла па пустое вядро, што стаяла ля ачага.

Вядро было большае за Казету, яна ўся магла ў ім схавацца.

Шынкарка паспрабавала страву драўлянай лыжкай і прабурчэла:

— Вады ў крыніцы колькі хочаш. Не хітрая штука — дастаць яе.

Потым яна пакапалася ў шуфлядзе ў стале і, выняўшы адтуль грошы, сказала гучна:

— Слухай ты, жаба, па дарозе назад зойдзеш у булачную і купіш хлеб. Вось табе пятнаццаць су.

У Казеты ў фартуху была маленькая кішэня. Яна ўзяла манету і, не гаворачы ні слова, паклала яе ў гэтую кішэню. Потым бязгучна спынілася перад адчыненымі дзвярыма з пустым вядром у руцэ. Здавалася, што яна чакала, каб хто-небудзь з‘явіўся ёй на дапамогу.

— Ідзі-ж! — крыкнула гаспадыня. Казета вышла. Дзверы зачыніліся за ёю.

ХХХV

НЕЗНАЁМЫ Ў ЦЕМНАЦЕ

Чарада крам, як прыпомніць чытач, цягнулася ад царкоўнай плошчы да самага завулка, дзе знаходзілася харчэўня Тэнард‘е. Вокны гэтых крам былі ярка асветлены свечкамі, таму што якраз у гэты час багамольцы накіроўваліся на ўсеначную. Затое на небе не было ніводнай зоркі.

Апошняя крама, якая стаяла якраз супраць дзвярэй Тэнард‘е, была поўная цацак, ярка зіхацеўшых фольгай, мішурой і іншай раскошнай аддзелкай. Спераду, на самым відным месцы, гандляр паставіў вялізную ляльку, футы ў два ростам, апранутую ў ружовую крэпавую сукенку, з залатымі калоссямі на галаве, з сапраўднымі валасамі і эмалевымі вачыма.

Цэлы дзень гэтае дзіва красавалася на пацеху ўсім прахожым не старэйшым дзесяці год, але ў Манфермейлі не знайшлося ніводнай маці, настолькі багатай, ці настолькі марнатраўнай, каб падарыць яе сваёй дачцэ. Эпаніна і