Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/17

Гэта старонка была вычытаная

— Я хачу сказаць, што ў чалавека ёсць тыран—невуцтва. Я ватыраваў супроць гэтага тырана. Людзьмі павінна кіраваць толькі навука…

— А сумленне?—перабіў епіскап.

— Гэта адно і тое-ж. Сумленне—гэта тая прыроджаная колькасць навуковых ведаў, якімі мы ўладаем.

Свяцейшы Б‘енвеню слухаў крыху здзіўляючыся: у гэтых словах было шмат новага для яго.

— Што датычыць Людовіка XVI, то я сказаў „не“. Я не прызнаю за сабой права забіваць чалавека, але я лічу за абавязак выкараняць зло. Я галасаваў за знішчэнне тырана-чалавека і тыраніі, г. зн. за знішчэнне прастытуцыі для жанчын, рабства для мужчын і невуцтва для дзяцей. Галасуючы за рэспубліку, я ватыраваў іменна за гэта. Я ватыраваў за брацтва, за згоду, за зару новага жыцця. Я дапамагаў нізвяржэнню забабонаў і заблуджэнняў. Гібель іх параджае святло. Мы знішчылі стары лад; па́даючы, гэтая старая чаша апракінулася на чалавецтва і ператварылася ў крыніцу радасцей.

— Радасці змешанай,—сказаў епіскап.

— Вы можаце сказаць—радасці трывожнай, а цяпер, пасля звароту да мінулага, называемаму 1814 годам[1], радасць знікла. Увы! Прызнаю, што тварэнне было няпоўнае: мы разбурылі стары парадак фактычна, але не маглі знішчыць ідэй, якія ўкараніліся ў разуменні людзей. Мала знішчыць злоўжыванне,—трэба ператварыць норавы. Млын зламаны, але вецер застаўся.

— Вы разбурылі, можа быць, тое, што было і карысна, але я паўстаю супроць разбурэння, злучанага са злом.

— У справядлівасці ёсць свая злаба, пан епіскап, але яе злаба—элемент прагрэса. Што-б там не гаварылі, але французская рэволюцыя—рух магчыма не дасканалы, але высокі. Яна паказала на ўсе грамадскія язвы, яна праясніла розумы, яна ўліла ў цывілізацыю новы, жывы струмень. Яна была цудоўная.

Епіскап не мог стрымацца і прамармытаў:

— Так! А дзевяноста трэці год?

Ж. прыпадняўся з крэсла і з урачыстасцю паміраючага ўскрыкнуў:

— А, вось што! Дзевяноста трэці год! Я так і чакаў. Але навальніца збіралася на працягу пятнаццаці стагоддзяў. У канцы стагоддзя яна адбылася. Вы чыніце суд над ударам грому!

  1. У 1814 г. стаў каралём у Францыі Людовік XVIII Бурбон, прадстаўнік прагнанай рэволюцыяй дынастыі.