Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/171

Гэта старонка была вычытаная

Ніхто не можа без трывогі прайсці ноччу адзін па лесе. Цені і дрэвы — дзве грозныя гушчы. Фантастычныя вобразы ўзнікаюць у няяснай глыбіні. Незразумелае паўстае ў двух кроках ад вас з яснай выразнасцю. Вам хочацца азірнуцца назад. Вы бачыце пячоры ночы, страшныя кашлатыя здані, жудасную магільную цішыню, і супраць усяго гэтага вы безабаронны. Штосьці жахлівае адчуваецца душою, нібы, яна зліваецца з цемрай.

Не арыентуючыся ў перажываемым пачуцці, Казета смутна адчувала гэтыя абдымкі непрагляднай цемры. То быў не страх, а нешта куды больш жахлівае, чым страх. Яна ўся дрыжэла. Няма слоў, каб вытлумачыць гэта дрыгаценне, што ледзяніла яе сэрца. Вочы яе набылі дзікі выраз. Ей здавалася, што супраць волі яна ўсё-такі заўтра-ж прыдзе на гэтае самае месца.

Тады інстынктыўна, жадаючы выйсці з таго дзіўнага становішча, якога яна не разумела, яна пачала ўголас лічыць: раз, два, тры, да дзесяці, а потым пачынала спачатку. Гэта вярнула ёй сазнанне акружаючага. Яна пачула холад у руках, якія яна замачыла, чэрпаючы ваду. Яна ўстала. Страх вярнуўся да яе, але гэта было ўжо натуральнае, непераможнае адчуванне. У яе была толькі адна думка — бегчы, бегчы, бегчы як сілы хопіць, праз лес, праз поле, да дамоў, да асветленых вокнаў, да запаленых свечак. Вочы яе спыніліся на вядры з вадою. Страх перад Тэнард‘е быў такі вялікі, што яна не адважылася кінуць вядро. Яна схапілася абодвума рукамі за почапку і ледзь магла падняць вядро.

Такім чынам зрабіла яна некалькі крокаў, але вядро было поўнае і цяжкое, і яна вымушана была спыніцца. З хвіліну яна перадыхнула, потым зноў узялася за почапку і пайшла наперад, на гэты раз некалькі далей ранейшага. Але хутка яна зноў спынілася. Потым зноў пайшла. Яна ішла, нахіліўшыся наперад, апусціўшы нізка галаву, як старая; цяжар напружваў мускулы яе сухарлявай ручкі. Жалезная почапка вядра рэзала і ледзяніла малюсенькія пальчыкі. Спыняючыся перадыхнуць, яна ставіла вядро на зямлю, прытым халодная вада расплёсквалася і аблівала яе поўразутыя ногі. І ўсё гэта адбывалася у гушчары лесу, ноччу, зімой, далёка ад чалавечых вачэй. Гэта было васьмігадовае дзіця.

Дзяўчынка дыхала з якімсьці хваравітым хрыпам. Рыданне сціскала ёй горла, але яна не смела плакаць, баючыся Тэнард‘е нават на адлегласці.

Яна прывыкла ўяўляць сабе, што гаспадыня заўсёды бачыць яе.