Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/173

Гэта старонка была вычытаная

і па ўсяму твару яго, з адбіткам глыбокай стомы і пакуты жыцця, яму можна было-б даць шмат больш за шэсцьдзесят год. Але па цвёрдай, хоць і павольнай паходцы, па незвычайнай сіле і спрытнасці, якая адчувалася ў яго рухах, ён здаваўся ледзь старэй пацідзесяці год. Маршчыны на ілбе ішлі так, што выклікалі-б схільнасць да яго ў кожнага, хто ўгледзеўся-б у яго твар. На строга сціснутых губах быў выраз пакоры. У глыбіні яго вачэй блішчэла якаясьці сумная яснасць. У левай руцэ ён нёс завязаны ў хустачцы клунак, правай-жа абапіраўся на кій, накшталт жардзіны, выцягнутай з якойсьці агарожы. Кій быў старанна ачышчаны ад галінак, а верхні канец быў заліты сургучом.

На бульвары мала сустракаецца прахожых, асабліва зімой. Чалавек-жа гэты, без усякага, праўда, асаблівага намагання, хутчэй ухіляўся, чым шукаў сустрэч.

У гэтую эпоху кароль Людовік XVIII кожны дзень каля двух гадзін дня рабіў прагулку ў экіпажы па асобных кварталах Парыжа. Незнаёмы, напэўна не парыжанін, не ведаў гэтага звычая; таму, калі каралеўскі экіпаж, акружаны эскадронам лейб-гвардзіі, з‘явіўся на павароце бульвара, ён вельмі здзівіўся і нават спалохаўся. У бакавой алеі ён быў адзін і паспяшаўся хутчэй схавацца за рог агарожы. Тым не менш паліцэйскія агенты заўважылі яго, і аднаму з іх даручана было прасачыць за ім. Але, прапусціўшы каралеўскі экіпаж, чалавек гэты аддаліўся ў бязлюдныя завулкі, а паколькі ўжо пачынала цямнець, агент згубіў яго сляды. Так і было данесена аб гэтым у той-жа вечар па начальству.

Незнаёмы-ж, упэўніўшыся, што ніхто больш не сочыць за ім, паскорыў крокі і гадзін каля пяці, гэта значыць калі ўжо амаль зусім сцямнела, апынуўся ў адным з глухіх завулкаў, каля шынка, дзе знаходзілася бюро амнібусаў, якія адпраўляліся ў Ланьі. Адзін з іх быў ужо гатовы да ад‘езду, фурман сядзеў на козлах, пасажыры ўсаджваліся ў карэце.

— Ці ёсць яшчэ месца? — запытаў прахожы.

— Ёсць адно, поплеч са мною, на козлах, — адказаў фурман.

— Я бяру яго.

— Калі ласка.

Фурман зірнуў на жалкі касцюм пасажыра, на яго ўбогі клунак і запатрабаваў плату наперад.

— Ці вы да Ланье едзеце? — запытаў ён.

— Так, — адказаў пасажыр і заплаціў за ўсю дарогу.

Паехалі. Калі мінулі заставу, фурман паспрабаваў завесці гутарку з сваім суседам, але той адказваў поўсловамі. Тады фурман пачаў пасвістваць і пакрыкваць на сваіх коней.

Было холадна. Фурман захутаўся ў плашч, незнаёмы-ж,