Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/174

Гэта старонка была вычытаная

здавалася, не адчуваў холаду. Гадзін каля шасці яны былі недалёка ад Манфермейля. Фурман спыніўся, каб даць перадыхнуць коням.

— Я тут сыйду, — сказаў незнаёмы.

І ён саскочыў з козлаў. Праз хвіліну ён знік. Калі карэта рушыла далей, яго не спаткалі на дарозе.

Ноч была зусім цёмная. На небе ледзь-ледзь мільгацелі дзве-тры зоркі.

Чалавек звярнуў з дарогі і ўвайшоў у лес, які знаходзіўся перад уваходам у Манфермейль.

Тут ён сцішыў ход і пачаў уважліва аглядаць дрэвы, рухаючыся наперад крок за крокам, нібы ішоў па таямнічай, яму аднаму вядомай дарозе. Адну хвіліну ён, здавалася, зблудзіў і спыніўся ў нерашучасці. Нарэшце, вобмацкам дабраўся да лагчынкі, дзе ляжаў груд белага камення. Ён шпарка падышоў да гэтага камення і ўважліва агледзеў яго праз начную імглу. Вялікае, таўстое дрэва, пакрытае суччом і бародаўкамі, расло паблізу ля гэтага камення.

Ён падышоў да яго і правёў рукою па кары, нібы жадаючы палічыць усе бугорчыкі на ёй.

Супроць гэтага дрэва стаяў стары каштан з абадранай у адным месцы карою. На ім, у выглядзе павязкі, накладзены быў цынкавы ліст, прыбіты цвікамі да ствала. Чалавек прыпадняўся на пальцах і крануўся рукою гэтай латы.

Потым ён пачаў таптаць нагамі зямлю між дрэвам і каменнем, нібы жадаючы ўпэўніцца, што зямлю ў гэтым месцы не разрывалі.

Скончыўшы з гэтым, ён зноў вышаў на лясную сцежку і пайшоў наперад.

Гэта быў той самы чалавек, якога спаткала Казета.

Прабіраючыся ў гушчар у кірунку да Манфермейля, ён заўважыў гэты маленькі цень, які рухаўся маруднымі крокамі і нёс нейкі цяжар, які ён штохвілінна то спускаў на зямлю і спыняўся, то зноў падымаў і ішоў наперад. Ён падышоў бліжэй і ўбачыў, што гэта маленькае дзіця з вялізным вядром вады. Тады ён наблізіўся да дзяўчынкі і моўчкі ўзяў за почапку вядро.

Казета, як мы ўжо сказалі, не спалохалася.

Незнаёмы загаварыў з ёю. Голас яго быў суровы і ціхі.

— Гэтая ношка надта цяжкая для цябе, дзіця маё.

Казета ўзняла галаву і адказвала:

— Так, судар.

— Дай яго мне, — казаў далей чалавек, я яго данясу.

Казета выпусціла з рук почапку вядра. Чалавек пайшоў поруч з ёю.